Quantcast
Channel: Zviazda.By »Літаратура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 81

Па-шчыраму, «без абцасаў»

$
0
0

Праект, рэалізаваны на старонках «Звязды», спраўдзіўся асобнай кнігай.

Кожная сустрэча нам для нечага дадзена. Журналістка «Звязды» Надзея Дрыла ведае гэта дакладна: менавіта дзякуючы спатканням і гутаркам з паспяховымі, цудоўнымі беларускімі жанчынамі ў яе нарадзілася першая кніга «Сустрэчы без абцасаў». Прэзентацыя выдання «пра жанчын і для жанчын», складзенага паводле інтэрв’ю, што выйшлі ў газеце, прайшла ў сталічным музеі Якуба Коласа.

114

Гэтае месца было выбрана невыпадкова. На думку аўтаркі, «правілы жыцця» 24 гераінь кнігі настолькі душэўныя, што і прэзентацыя павінна была прайсці ў адпаведнай атмасферы. Коласаўскі музей, вырашыла журналістка, найбольш падыходзіць для гэтага. Па-першае, сам народны пісьменнік жыў у гэтым доме, а значыць, абстаноўка тут вельмі ўтульная і дамашняя. Бо дзе, як не дома, мы можам «скінуць абцасы» і разняволіцца? Але ёсць яшчэ і асабістая прычына.

83

— Калі яшчэ вучылася ў школе, першым месцам, куды я трапіла ў Мінску, быў музей Якуба Коласа. Як і многія, я ў дзяцінстве пісала вершы, адзін з іх перамог у конкурсе. І замест таго, каб даваць нейкія дыпломы, пераможцаў павезлі на экскурсію па коласаўскіх мясцінах. Таму ў творчым плане Якуб Колас адыграў у маім жыцці сімвалічную ролю, пасля той паездкі я вырашыла паступіць на журфак, — расказала Надзея Дрыла.

2_3

Дарэчы, той верш пра Беларусь Надзея прачытала. Дзядзьку Якубу спадабалася б!

Дырэктар музея Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ адзначыла, што пры жыцці пісьменніка ў яго доме часта збіралася таленавітая моладзь. Традыцыя працягваецца. А паколькі ўсё ж вечарына ў асноўным сабрала прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, Зінаіда Мікалаеўна зачытала ім вельмі пранікнёны і пяшчотны ўрывак з паэмы «Сымон-музыка» і пажадала, каб такія словы жанчыны чулі ад сваіх мужчын як мага часцей.

2_2

У адказ Надзея Дрыла паабяцала, што чарговая «Сустрэча без абцасаў» павінна адбыцца з Зінаідай Мікалаеўнай.

— Я ніколі ў жыцці не марыла пра сваю кнігу, не думала пра гэта. Але на шляху сустрэліся людзі, у якіх гэтае жаданне з’явілася хутчэй, чым у мяне. І калі кніга выйшла, мне ўжо хочацца і другую, я пачынаю думаць, пра што яна можа быць, — прызналася аўтарка. — Адзін з такіх людзей — дырэктар — галоўны рэдактар нашага выдавецкага дома «Звязда» Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч, калі б ён так не загарэўся гэтай ідэяй, кнігі б дакладна не было.

123

Яшчэ адзін чалавек, без якога кніга не атрымалася б такой, якую яе бачаць чытачы, — рэдактар Наталля КАРАСЁВА.

— Мне было цікава, недзе сумна, месцамі весела і заўсёды займальна ў кожным інтэрв’ю адкрываць нешта пра кожную гераіню. Часам гэта было ўжо чытанне не рэдактарскае: гляджу — 20 старонак «праляцелі» незаўважна! Таму што захапляюць гісторыі, погляды, — прызналася Наталля. — Кніга каштоўная, бо паказвае чытачам, што важна, а што не вельмі, на што звярнуць увагу і куды рухацца. Вялікі дзякуй усім гераіням, таму што раскрыць вельмі асабістае, тое, што не заўсёды хочацца раскрываць, патрабуе сілы.

47

Надзея Дрыла не стамлялася паўтараць, што кніга — у першую чаргу твор яе гераінь, і яна кожны раз нечаму ў іх вучылася. Таму да вечарыны падрыхтавалі адмысловую прэзентацыю, дзе паказваліся дзіцячыя і сучасныя здымкі суразмоўцаў і прыводзіліся найбольш яскравыя цытаты з інтэрв’ю. У гэтым і яшчэ адна каштоўнасць выдання: візуальна невялікую кніжку можна колькі заўгодна «разбіраць» на цытаты, і кожны чытач знойдзе для сябе нешта блізкае, бо яна змяшчае ў сабе бездань жыццёвай мудрасці. Зрэшты, самі гераіні гатовыя былі дзяліцца гэтай мудрасцю і па-за старонкамі кнігі.

181

— Бясконца ўсе хочуць «улезці» пад тваё адзенне. Я ўсё думала: чаму «без абцасаў»? І літаральна нядаўна мне прыйшла думка: нас паразувалі. З нас знялі вонкавы футарал і знайшлі тых натуральных, якія мы ёсць, — выказалася намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын, экс-старшыня Нацбанка Надзея ЕРМАКОВА і прапанавала ідэю для наступнай кнігі: напісаць пра сельскіх жанчын.

Кіраўніца праекта LADY.TUT.BY Святлана ЗЭРЭ адзначыла, што апублікаванае ў газеце інтэрв’ю, якое пасля ўвайшло ў кнігу, — найлепшае ў яе жыцці.

101

А вось для галоўнага рэдактара глянцавага часопіса Pіngouіn Ірыны КАБАСАКАЛ кніга Надзеі Дрылы стала сапраўдным стымулам.

— Калі выйшла кніга, я адразу паехала яе купляць. Адкрываю інтэрв’ю са мной і бачу, што я… схлусіла. Я вам асабіста паабяцала зрабіць нешта глабальнае ў сваім жыцці і зусім забыла пра гэта. І мая сяброўка сказала, што, калі паабяцала, цяпер сорамна не выканаць. Дзякуючы таму, што выйшла гэтая кніга, я ўжо заканчваю сваю.

115

Зрэшты, і сама Надзея паведаміла, што на «Сустрэчах без абцасаў» спыняцца не збіраецца, бо цікавых і таленавітых жанчын, пра якіх павінны ведаць, яшчэ вельмі шмат.

Напрыканцы госці прэзентацыі атрымалі асалоду ад музычных імправізацый этна-гурта «Водгук цішыні», у якім удзельнічала і сама аўтарка.

152

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

212

281

291

30

Без-имени-13


Viewing all articles
Browse latest Browse all 81