Quantcast
Channel: Zviazda.By »Літаратура
Viewing all 81 articles
Browse latest View live

Высоцкі па-беларуску

$
0
0

Магілёўскі аматар творчасці Уладзіміра Сямёнавіча выдаў за свае грошы зборнік яго вершаў на роднай мове.

«Пра жыццё, пра волю, пра сябе» — так называецца кніга з беларускім варыянтам вершаў Уладзіміра Высоцкага, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор». Прыгожае ілюстраванае выданне на 230 старонках, дзе побач з рускамоўнымі арыгіналамі суседнічаюць пераклады. Іх аўтар — магілёўскі выкладчык матэматыкі і фізікі, журналіст і пісьменнік Міхась Булавацкі. Пра свой шлях да Высоцкага ён напісаў у прадмове. Цікава, што рускі паэт дапамог яму ў свой час удасканаліць беларускую мову.

2-9

— У канцы 80-х мінулага стагоддзя ў ВНУ, дзе я выкладаў, дазволілі весці заняткі па-беларуску, — узгадвае перакладчык. — І хаця я, як той казаў, нарадзіўся з мовай, узніклі невялікія складанасці, бо доўгі час ёй не карыстаўся. Аднымі лекцыямі не стаў абмяжоўвацца, узяўся за мастацкія творы. Аднойчы некалькі радкоў з верша Высоцкага «Паляванне на ваўкоў» добра ляглі на беларускую мову. З гэтага ўсё і пачалося. Зараз пераклаў ужо 45 вершаў, але той першы лічу самым удалым.

Адметна, што дагэтуль Высоцкі ў беларускім выкананні амаль не існаваў, акрамя некалькіх вершаў, якія пераклаў Рыгор Барадулін. Міхась Булавацкі папрасіў, каб народны паэт Беларусі крытычна праглядзеў яго працу. «Гэта добра, — сказаў той, азнаёміўшыся з перакладамі, — але яшчэ трэба рэдагаваць». На жаль, сустрэча, якую прызначыў «дзядзька Рыгор» магілёўскаму перакладчыку, не адбылася. За два дні да яе пісьменнік пайшоў з жыцця. Булавацкаму вярнулі яго рукапісы з «птушачкамі». Гэта прымусіла яшчэ раз перагледзець спрэчныя радкі. Улічаны таксама крытычныя выказванні Генадзя Бураўкіна, Лявона Баршчэўскага. Перакладчык і зараз гатовы выслухаць карысныя парады і меркаванні. У прадмове ён пакінуў свой электронны адрас, па якім з ім можна звязацца. Міхась Булавацкі не прэтэндуе на нейкую выключнасць. Шчыра прызнаецца, што ў Высоцкага ёсць творы, якія наогул яму не даліся. Як, напрыклад, «Дарожная гісторыя». «Не атрымліваецца перадаць словы дакладна, — кажа ён. — А калі нешта мяняць, адыходзіш далёка ад аўтара. Мне ж важна найперш захаваць дух аўтара, яго экспрэсію, дынамізм, глыбіню пачуццяў».

Выданне ўбачыла свет за кошт асабістых сродкаў перакладчыка і спонсарскіх ахвяраванняў. «Імя Высоцкага магічнае, — усміхаецца аўтар. — Калі я называў яго, людзі адразу ж рэагавалі і пагаджаліся дапамагчы». У кнігарнях «Белсаюздрук» зборнік беларускамоўных вершаў Высоцкага каштуе 85 600 рублёў. Тыраж не вельмі вялікі — усяго 1000 асобнікаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара


У Віцебску ўручылі літаратурную прэмію аблвыканкама імя Уладзіміра Караткевіча і ўганаравалі пераможцаў маладзёжнага конкурсу

$
0
0

— Прэмію імя Уладзіміра Караткевіча за ўсе гады яе існавання атрымалі больш за 20 чалавек. І сярод іх не толькі літаратары, а і работнікі культуры, адукацыі. Лаўрэатамі сталі і калектывы аршанскага музея Караткевіча, віцебскай бібліятэкі, якая носіць яго імя… У абласным літаратурным конкурсе сярод моладзі «Быў. Ёсць. Буду…» бралі ўдзел больш за 500 школьнікаў, студэнтаў, хлопцаў і дзяўчат, якія ўжо працуюць, — распавядае старшыня Віцебскага абласнога аддзялення «Саюза пісьменнікаў Беларусі» Тамара КРАСНОВА-ГУСАЧЭНКА. — У выніку журы вызначыла каля 30 пераможцаў. А 20 творчых работ было адзначана падзякамі.

3-42

Адным з лаўрэатаў літаратурнай прэміі ў намінацыі «проза» стаў Ігар Пракаповіч. Ён выкладае ў гімназіі №1 Пастаў, кіруе навуковым краязнаўчым таварыствам.

— Над выданнем «Чароўны край — Пастаўшчына» я працаваў больш за 30 гадоў. Яго асаблівасць у тым, што ёсць яшчэ і сшытак па курсе «Паставызнаўства». У камплект таксама ўваходзіць дыск з прэзентацыямі краю. Там шмат фотаздымкаў, якія зрабілі лепшыя пастаўскія фатографы, — расказаў лаўрэат.

У Віцебскім лялечным тэатры паводле твораў Караткевіча пастаўленыя тры спектаклі. Тэатр «Лялька» стаў лаўрэатам за прапаганду жыцця і творчасці Уладзіміра Сямёнавіча.

— «Ладдзя роспачы» — гэта шэдэўр. Ды ўсё, што напісаў Уладзімір Сямёнавіч — геніяльна! Мы пастараліся, каб Караткевіч «загаварыў» на «лялечнай мове». Упэўнены, у нас гэта атрымалася! — эмацыянальна падкрэсліў Віктар КЛІМЧУК, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра «Лялька».

Калі ён распавядаў пра творчыя пошукі падчас пастановак па Караткевічу, нагадаў ягоныя словы: «І калі ты не стварыў такой песні ў гонар Радзімы і волі, вайны і любові, то шэлег табе цана, і лепш бы табе ніколі не быць паэтам. Такіх хопіць і без цябе».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Вайна — трагедыя для ўсіх

$
0
0

Кніга, якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», распавядае пра экспазіцыю, фонды і філіялы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Грунтоўным, сур’ёзным, велічным і ў той жа час надзвычай прыгожым — менавіта такім, як і сам музей, — падаецца выданне. Насычанае якаснымі фотаздымкамі экспазіцыі і цікавых экспанатаў, філіялаў музея, а таксама прадметаў з фондаў, якія немагчыма ўбачыць падчас экскурсіі, яно дазваляе больш поўна і глыбока асэнсаваць тэму Другой сусветнай вайны.

4-33

Прычым не толькі нам, беларусам, якія найбольш пацярпелі ў гады ваеннага ліхалецця, а і нашчадкам нашых саюзнікаў і нават тым, хто ў той вайне змагаўся па іншы бок акопа. У найбуйнейшым сховішчы ваенных рэліквій Беларусі становіцца зразумела: ВАЙНА — гэта трагедыя для ўсіх, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Каб гэтая думка дайшла да як мага большай колькасці людзей, выданне падрыхтавана на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

На старонках — падзеі кароткага перадваеннага перыяду, гадоў самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва і пасляваенных дзесяцігоддзяў. Тут можна знайсці хрэстаматыйныя эпізоды з ваеннай гісторыі, а таксама адшукаць і малавядомыя або ўвогуле невядомыя дагэтуль дэталі. Перад намі паўстаюць як ключавыя фігуры, героі той вайны, пра подзвіг якіх напісаны не адзін твор, так і асобы, пра якіх мы даведваемся ўпершыню.

— Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — найбуйнейшае сховішча артэфактаў, сведчанняў і рэліквій самай жорсткай і крывавай вайны ХХ стагоддзя, — адзначае рэдактар кнігі-альбома Наталля КАРАСЁВА. — Гэта было адной з прычын, чаму Выдавецкі дом «Звязда» звярнуўся да кіраўніцтва музея з прапановай падрыхтаваць аб ім грунтоўнае выданне. У год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі мы можам сцвярджаць, што спрычыніліся да вельмі важнай справы захавання і ўмацавання памяці аб подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Асобна — пра музейныя калекцыі. Некаторыя з іх не маюць аналагаў у свеце! Калекцыі рукапісных часопісаў і самаробнай партызанскай зброі — адны з найстарэйшых у музеі. Менавіта гэтымі экспазіцыямі 22 кастрычніка 1944 года ў адным з некранутых вайной будынкаў — Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды — адкрыўся музей.

А рашэнне аб стварэнні музея гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі было прынята яшчэ раней — 30 верасня 1943 года. Прычым экспазіцыю пачалі збіраць у адзін з самых цяжкіх перыядаў, калі краіна знаходзілася пад акупацыяй. Яшчэ было невядома, хто пераможа ў той вайне. Тым не менш савецкія людзі верылі, што праўда на іх баку. Амаль кожны прыносіў асабістыя рэчы, баявыя трафеі — музей, па сутнасці, ствараўся ўсім беларускім народам… Так Беларусь стала першай краінай у свеце, дзе адчыніў свае дзверы музей Другой сусветнай вайны.

…У сакавіку на старонках «Звязды» стартаваў сумесны праект рэдакцыі з Беларускім дзяржаўным музеям гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У рамках праекта «Шлях да Перамогі» мы распавядалі пра экспазіцыйныя залы музея, найбольш цікавыя экспанаты і гісторыі канкрэтных людзей, якія набліжалі Перамогу. Віртуальнае падарожжа па храме памяці яшчэ працягваецца. Спадзяёмся, што пасля нашых публікацый у вас з’явіцца (а можа, ужо з’явілася) жаданне ўбачыць усё на свае вочы. А гэта варта зрабіць кожнаму беларусу!

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Солнце — дождь — музыка, или Есть что послушать! И почитать…

$
0
0

Книга-блог обозревателя «СБ. Беларусь сегодня» и журнала «Алеся», радиоведущей Татьяны Сулимовой вышла в Издательском доме «Звязда».

8-1

Не знаю, есть ли еще такие издания — книги-блоги. Не знаю даже, будет ли будущее у блога как у жанра. Останется ли он в печатных СМИ, станет достоянием только интернет-пространства в различных его проявлениях или, возможно, будет присутствовать в радио или телевизионном эфире?.. Предугадать сие нам, вероятно, не дано. По крайней мере, и в этом я просто уверен, какие-то метаморфозы, изменения с блогом как с жанром, несмотря на его молодость, непременно произойдут. Ведь нет сегодня прежней популярности у газетного или журнального очерка, некогда будоражившего сознание. Вы помните Валентина Овечкина, Анатолия Аграновского, Сергея Смирнова, Ивана Васильева, Геннадия Бочарова, Татьяну Тэсс, Мариэтту Шагинян, а еще Илью Эренбурга и Константина Симонова как очеркистов?.. Можно попробовать вспомнить, что жанр очерка был и в творческих исканиях Александра Пушкина, Максима Горького, Антона Чехова. И вообще — можно даже назвать публицистами-очеркистами Александра Герцена, Владимира Короленко, Глеба Успенского. А если кто читает белорусскую прозу, знает имена народных писателей, классиков, то, пожалуй, найдет очерки (особенно — путевые очерки!) в творческом наследии Янки Брыля, Владимира Короткевича, Анатоля Кудравца… И вместе с тем все это уже кажется историей. Давней и большинству читателей, желающих жить интересами современности, просто ненужной. Несмотря на то, что имена знакомые. Что многих мы дружно считаем классиками. А о ком-то говорим, что «это — наше все».

К чему я все это говорю? Совсем не для того, чтобы засвидетельствовать невнимание к такому серьезному жанру публицистики, как очерк. Совсем не для того, чтобы противопоставлением ему блога засвидетельствовать и задокументировать смерть очерка…

Читаем в «Предисловии», открывающем книгу-блог Татьяны Сулимовой «Послушайте что!»: «…Кого мы слушаем? Зачем? И всегда ли нас слышат… Или делают вид.

Много лет я работаю в прямом эфире разнообразных музыкальных радиостанций. Есть такая профессия — болтать между песнями. Иногда сложно начать. Особенно если в сотый раз ставишь в эфире заезженную пластинку. И уже все сказано. И по новой! О любви. О птичках. Кажется, чушь… Потом встречаешь человека, а он признается, что благодаря этим словам сделал единственно правильный выбор в своей жизни.

Каждый слышит, что хочет.

— Привет-привет! Солнце — дождь — музыка.

В этом весь FM…»

И так Татьяна говорила, собирала слова, надевала их на свои мысли… Пока главный редактор «Советской Белоруссии» Павел Якубович не предложил ей по пятницам вести в самой тиражной газете страны колонку. «Я была тронута, — признается Татьяна, — но растерялась:

— А как это — писать? Я больше по части «говорить».

— Как говоришь, так и пиши. Слово в слово, — посоветовал Павел Изотович.

И первые тексты я наговаривала на диктофон. Потом переписывала. Получалось забавно. Просто. Со временем диктофон исчез. Стала писать, как говорю. А потом и говорить, как пишу. И удивлялась, что это находит отклик. Я же ради удовольствия. Так что спасибо Павлу Якубовичу за открытую мне дверь в мир печатных слов. Он ведь очень строгий редактор, это все знают, но из моих статей за все те же 15 лет, что я пишу, не выбросил и не исправил ни строчки.

8-10

— Почему вы не соберете свои статьи в книгу? — спрашивали у меня все чаще и чаще.

А мне казалось, ну что там собирать — пустячок слов и сбоку бантик…»

Статьи из колонки, из блога Татьяны все-таки собраны в книгу-блог «Послушайте что!». И книга, сотканная из простых слов, получилась на удивление слышимой. Знакомые по газете «Советская Белоруссия» (а если быть точными, то по газете, на первой странице которой — всеобъемлющее название: «СБ. Беларусь сегодня») тексты я охотно перечитываю в книге.

Каждый из разделов — «Страна мороженого», «Пунктики», «Рантье мыслей», «Счастье быть мамой», «Заглянуть за горизонт», «Крючок и колокольчик», «Посвящения» — напоминает мне состоявшиеся однажды встречи. Иногда даже, прочитав один абзац, начинаешь не просто вспоминать «тему Сулимовой», а готов цитировать когда-то ею сказанное/написанное едва ли не слово в слово. Так в чем же сила этих блогов? И соперники ли они очерку? И правильно ли вообще тиражировать книгами то, что однажды вышло в газете?..

Я не спешу отвечать на эти вопросы. А просто хочу уговорить читателя открыть книгу Татьяны Сулимовой или начать читать ее колонки в газете «СБ. Беларусь сегодня», а еще — в журнале «Алеся» (есть такой журнал для женщин, раньше назывался — «Работніца і сялянка»). Какие аргументы спешу привести в защиту такого предложения? Татьяна Сулимова очень искренняя в каждом из своих текстов, которые являются отражением ее личного «Я», всей ее жизни, всех ее взглядов сразу. Хотя, конечно же, тема в каждом из текстов своя, иногда достаточно узкая. Но о теме думаешь в последнюю очередь. Сначала в твое сознание проникает река. Река слов и река мыслей…

Как, к примеру, и в случае с этим эссе-блогом «Обойденные счастьем»… «Включайте слух, открывайте высказанное — написанное…». Стою я со своим блендером в руках, а на меня смотрят две пары несчастных глаз.

— Почините?

— Посмотрим, — говорят хором. Обреченно. И вздыхают тяжело.

Совсем плохонько одетая приемщица заказов и пожилой мастер по ремонту бытовой техники, видимо, хотели бы, чтобы все вышло как-то иначе. А тут еще я со своим блендером. Пропахшая растворимым кофе, несвежими свитерами и табачным дымом мастерская сервисного центра — не лучшее место для счастья. Но кто сказал, что оно единственно возможное?

Несчастность — особая форма человеческого существования. Очень даже уютная. Идет по жизни человек с печальными глазами, и никому не хочется его отвлекать. Еще, чего доброго, расскажет, отчего он такой несчастный: «Да-а, у меня совсем не так, как у тебя…» Простите. Извините. Я просто так. Не хотела, в общем, подчеркнуть и обозначить этот когнитивный диссонанс. И, как бы это сказать, — несчастье для меня невыносимо. Я пошла! Говорят, оптимизм — недостаток информации. Вот мастер пошел в свою комнатуху, врубил Pіnk Floyd, стал крутить в руках мой блендер, вздыхать в такт «Vour Pozzіble Paztz». Она стояла в дверном проеме с призраком улыбки на лице…

Он сказал: «Я был просто ребенком, теперь я всего лишь человек.

Вы меня помните? Какими мы были раньше?»

Вспоминаю я, о чем там поется в песне. Самое страшное, что со мной бывает, — встреча с теми, с кем мы были детьми. Отрывались. С ума сходили. Борзели. Мы мечтали так: я стану самой-самой! И буду там и там. И вот я встречаю в магазине мою подвыпившую одноклассницу, бросившую на меня взгляд и теперь изо всех сил пытающуюся уйти от нежелательной встречи. Бог с тобой, Света… Я тоже не хочу.

Я не хожу на вечера встречи выпускников. Мне больно знать, что трое из нашего класса умерли, двое в тюрьме, остальные в каком-то порядке. Я тоже в порядке. Борюсь за счастливость.

Моя дочь разобралась с Новым годом и Дедом Морозом одним махом:

— Подари мне настоящие крылья! — потребовала.

— Хо-хо-хо…

— Не можешь? Мама, идем отсюда»

И потом объясняла строго: «Лучший подарок — это крылья! Куколку я и у тебя могу попросить».

Я теперь думаю, как ей рассказать про разность человеческих крыльев. Мол, они у тебя есть в душе, люди мечтают по-другому, ты можешь научиться жить с ощущением полета…»

Еще один аргумент «за» (за чтение Сулимовой): она награждает крыльями, вселяет надежды, она через простые слова заставляет думать. И ведь лучшие очерки (причем в одинаковой степени — авторов из разных десятилетий) тоже заставляют думать, рассуждать. Над конфликтами в тексте, над образами, деталями, символами, украшающими тексты. Сознание отвлекается. В таких художественно-публицистических знакомствах как-то теряешься, думаешь о других и другом, забываешь себя. Контакт с мыслями, идеями и… надеждами в случае знакомства с блогами Татьяны Сулимовой ближе, сильнее. В нем больше искренности.

Один из текстов из книги «Послушайте что!» начинается так: «Из-за преступной халатности работников музея картина Малевича «Черный квадрат» два месяца провисела вверх ногами.

Я, пожалуй, несколько десятков анекдотов на эту тему могу припомнить. А все потому, что ничего так не тревожит обывательский мозг, как недоумение: отчего так дороги простые вещи?..»

Я дальше не продолжаю цитату из эссе-блога «Простые вещи». Я просто верю, что вы откроете книгу Татьяны Сулимовой и обязательно прочитаете ее от начала до конца. Вас ждет немало открытий. Нет, не сенсаций, не удивлений, а близких и непонятных открытий о простых вещах, которые после прочтения станут неотъемлемой частью вашей жизни.

Кирилл Ладутько

Новае прачытанне братэрскіх повязяў

$
0
0

У Дзяржаўнай бібліятэцы Дзяржаўнага культурнага цэнтра Туркменістана ўчора прайшоў «круглы стол» з удзелам беларускіх і туркменскіх пісьменнікаў.

Самыя розныя пытанні хвалявалі літаратараў краін, паяднаных паміж сабою даўнімі вузамі сяброўства. Паэты, празаікі вялі гаворку пра ўзаемныя пераклады, пра гістарычныя традыцыі літаратурнага пабрацімства, згадвалі першапраходцаў на ніве літаратурнай дружбы.

Неаднойчы гучала імя Валянціна Лукшы, шматгадовага дырэктара мінскага выдавецтва «Юнацтва», які надзвычай многа зрабіў дзеля пашырэння прасторы знаёмства беларускага чытача з дзіцячай літаратурай Туркменістана. Менавіта дзякуючы яго руплівасці на мове Купалы і Коласа ўбачылі свет дзіцячыя кнігі туркменскіх аўтараў Каюма Тангрыкуліева, Анна Кавусава, Агагельды Аланазарава, Курбана Чаліева і іншых аўтараў. У серыі кніг, прысвечаных дзіцячым літаратурам народаў Савецкага Саюза, пабачыў свет і туркменскі том.

9-42

— Добра ведаючы беларускую літаратуру, асабіста я і сёння вельмі ўдзячны за ўвагу да нас, туркменаў, — зазначыў на «круглым стале» Агагельды АЛАНАЗАРАЎ. — Мне прыемна было літаральна толькі што разглядаць свежы нумар газеты «Літаратура і мастацтва», дзе змешчаны ўрывак з майго рамана «Цюлень» у перакладзе Ірыны Качатковай і мае вершы ў перакладзе Юліі Алейчанкі. Для мяне гэта вельмі пачэсна — быць прадстаўленым беларускаму чытачу. Ужо ў постсавецкі час у Мінску выйшла дарагая мне кніга «Вясёлая азбука», па якой туркменская дзятва вучыцца чытаць — зразумела, па кнізе на мове арыгінала. А цяпер, як бачу, і беларускія хлопчыкі і дзяўчаткі будуць засвойваць літары і словы па маёй вершаванай кнізе ў перакладзе вашага вядомага творцы Віктара Гардзея. Нізкі паклон за гэта беларусам!

9-44

— У свой час менавіта Ашхабад натхніў мяне на напісанне апавядання «Ідэальны чытач», — расказаў на «круглым стале» дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», празаік і паэт Алесь БАДАК. — Веру, што знайду ў Ашхабадзе, Туркменістане новыя сюжэты, новыя тэмы, новыя вобразы і мастацкія сімвалы. Бачу ўжо з другой сустрэчы з вашай краінай, дарагія туркменскія сябры, як імкліва развіваецца Туркменістан. Прыемна, што развіццё гэта праходзіць у цесным эканамічным і палітычным партнёрстве з Беларуссю.

9-43

Сапраўды, жыццё падказвае новыя сюжэты і новыя тэмы. Ужо сённяшнія дні становяцца гісторыяй у стасунках Туркменістана і Беларусі, гісторыяй новай і не менш цікавай, чым учарашнія дні. Пра гэта гаварылі на «круглым стале» ў Дзяржаўнай бібліятэцы Туркменістана пісьменнікі Газель Шакуліева, Атаджан Таган, Аразгулы Анаеў. Празаік Атаджан Таган успомніў сваіх сяброў — беларускіх пісьменнікаў Алеся Жука, Генадзя Пацыенку. «Перадаючы ім братэрскае прывітанне з каракумскай старонкі, — сказаў Атаджан ТАГАН, — я спадзяюся на туркменскае прачытанне іх новых твораў. Увогуле як пісьменнік, які высока ацэньвае ў кантэксце сусветнай менавіта беларускую літаратуру, найперш — за высокія творчыя памкненні ў адлюстраванні праўды жыцця Васілём Быкавым, Іванам Шамякіным, згаданым маім сябрам Алесем Жуком, я спадзяюся, што і ў нас з’явіцца нямала перакладаў сучаснай беларускай прозы і паэзіі на мову неўміручага Махтумкулі».

Кастусь ЛАДУЦЬКА, г. Ашхабад, Туркменістан

Маральныя прынцыпы асобы і праблема сацыялізацыі ў апавяданні Алеся Асташонка “Супер”

$
0
0

Пільная ўвага сучаснай навукі да праблемы сацыялізацыі асобы абумоўлена некалькімі прычынамі. Паспяховая рэалізацыя чалавека ў сучасным свеце патрабуе актыўнай жыццёвай пазіцыі, аператыўнага засваення сацыяльна-грамадскіх зменаў.

bitnet.ru052

Сучаснай моладзі даводзіцца канструяваць сваю будучыню ва ўмовах новай сацыяльнай рэчаіснасці – на фоне радыкальных зменаў маральных прыярытэтаў і каштоўнаснай іерархіі, у сітуацыі, калі механізм узнаўлення каштоўнасных арыентацый перастае быць вядучым, саступаючы месца адаптацыйным механізмам. Пашырэнне уяўленняў аб працэсе сацыялізацыі асобы звязана з найноўшым досведам у шматлікіх галінах навукі – псіхалогіі, філасофіі, педагогіцы, культуралогіі і іншых.

У гэтым кантэксце набывае новую актуальнасць гнасеалагічны патэнцыял мастацкай літаратуры, якая ва ўсе часы арыентавалася на асэнсаванне складаных пытанняў быцця, унутранага свету асобы і, несумненна, істотна ўплывала на грамадскую практыку. “Месца мастацкай літаратуры ў духоўнай сферы жыцця грамадства абумоўлена яе зместам і сутнасцю і выяўляецца ў яе функцыях, значэнні ў развіцці соцыўму і сацыялізацыі асобы. <…>

Мастацкая літаратура задавальняе цэлы комплекс духоўных патрэбаў грамадства і асобы, уздзейнічае на вельмі шырокую сферу псіхікі, на светапогляд, маўленне, маральныя паводзіны ў грамадстве, калектыве, сям’і, на эстэтычнае і мастацкае развіццё – на фарміраванне (сацыялізацыю) чалавека”.

Такім чынам, этычныя праблемы, вобразна адлюстраваныя ў літаратурных творах, дазваляюць чытачу атрымаць апасродкаваны жыццёвы досвед – прааналізаваць сітуацыю, увасобленую ў сюжэце, даць ёй ацэнку, асэнсаваць свае індывідуальныя маральныя якасці і прынцыпы. Іншымі словамі, чытач мае магчымасць пазнаёміцца з той практыкай сацыялізацыі, якая зафіксавана ў мастацкім тэксце.

У сучаснай беларускай літаратуры, адрасаванай моладзі, нямала выбітных мастацкіх твораў, якія яшчэ не разглядаліся ў кантэксце праблемы сацыялізацыі асобы, маральны патэнцыял якіх яшчэ не ацэнены належным чынам філалагічнай навукай.  Перадусім гэта датычыцца ўзораў малой эпічнай жанравай формы – апавяданняў, навел, нарысаў.

Сярод іх – творы А. Федарэнкі, А. Наварыча, У. Сцяпана, М. Клімковіча, С. Верацілы, В. Гапеева і іншых пісьменнікаў. Да іх ліку належыць гэтаксама апавяданне Алеся Асташонка “Супер”, якое вызначаецца вострасюжэтнасцю, арыгінальным выяўленнем унутранага свету галоўнага героя і псіхалогіі яго ўчынкаў, даследаваннем маральных аспектаў працэсу сацыялізацыі асобы.

 

Артыкул Лады Алейнік цалкам чытайце ў № 12 часопіса “Маладосць”

ААТ «Белкніга»і РВУ «Выдавецкі дом «Звязда»запрашаюць 15 снежня на кніжны марафон

$
0
0

ААТ Белкніга

РВУ Выдавецкі дом Звязда

запрашаюць

15 снежня з 12.00 да 15.00

У рамках рэспубліканскай акцыі “Сямейнае чытанне” ў кнігарні “Дом кнігі “Светач” адбудзецца кніжны марафон “КАЛЯДНАЯ КАЗКА”. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з цудоўнымі дзіцячымі казкамі і вершамі беларускіх пісьменнікаў,

пра якія раскажуць самі аўтары:

    • Анатоль Зэкаў — 12.00
    • Галіна Пшонік — 12.45
    • Віктар Кажура — 13.30
    • Яна Явіч — 14.15

Каляды

У вас будзе магчымасць набыць кнігі для дзетак з аўтографамі аўтараў!

Падчас марафону ўсіх пакупнікоў кніг РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” чакаюць прыемныя падарункі ад Выдавецтва і ААТ “Белкніга”!

Святлана Алексіевіч: «Мяне цікавіць гісторыя душы»

$
0
0

Букмекеры мяркуюць, а Шведская каралеўская акадэмія навук размяркоўвае, і часам яны становяцца аднадумцамі. Учора, 10 снежня, у Стакгольме беларуская пісьменніца, аўтар кніг «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд», атрымала першую для беларускай літаратуры Нобелеўскую прэмію.

Шведскі кароль Карл Густаў ХVI  уручае Нобелеўскую прэмію Святлане Алексіевіч.

Шведскі кароль Карл Густаў ХVI уручае Нобелеўскую прэмію Святлане Алексіевіч.

…І стала побач з імёнамі Гюнтэра Граса, Габрыэля Гарсіа Маркеса, Томаса Мана, Эрнеста Хемінгуэя, Іосіфа Бродскага, Альбера Камю і іншых найвыбітнейшых аўтараў. Святлана Алексіевіч — чатырнаццатая жанчына-лаўрэат у гэтай галіне, а Нобелеўская прэмія па літаратуры ўручаецца з 1901 года. Ужо трэці год беларуская пісьменніца аказвалася сярод намінантаў на прэстыжную ўзнагароду (упершыню ў 2013 годзе, калі ў Швецыі выйшла кніга «Час сэканд-хэнд»). 8 кастрычніка гэтага года імя лаўрэата было агучана, як і ўласна фармуліроўка — за «шматгалосную творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час».

Кнігі пісьменніцы, сапраўды, гучаць сотнямі галасоў. Настаўнік Святланы Алексіевіч Алесь Адамовіч быў перакананы ў тым, што «пісаць пра трагедыі XX стагоддзя мовай мастацкай прозы — значыць абражаць людзей, бо катастрофы, войны, асабістыя трагедыі — не месца для высокай славеснасці». У нейкім сэнсе пераемніца гэтай ідэі Святлана Алексіевіч дакументуе рэальнасць, запісвае гісторыі, сустракаецца з тысячамі людзей. «Мой жанр стаіць на тым, што ў кожнага чалавека ёсць свае здагадкі, якія ён змог сфармуляваць раней за іншых. І калі гэта ўсё сабраць разам, атрымліваецца раман галасоў, раман часу. Адзін чалавек гэта зрабіць не можа», — сказала пісьменніца ў адным з інтэрв’ю.

Прызавы фонд Нобелеўскай прэміі па літаратуры роўны васьмі мільёнам шведскіх крон, а гэта больш за 950 тысяч долараў. Перад цырымоніяй уручэння 7 снежня пісьменніца прачытала лекцыю ў Шведскай акадэміі (што з’яўляецца абвязковай умовай Нобелеўскага камітэта), падчас якой сказала: «Я збіраю штодзённасць пачуццяў, думак, слоў. Збіраю жыццё свайго часу. Мяне цікавіць гісторыя душы. Побыт душы. Тое, што вялікая гісторыя звычайна прапускае, чым яна пагарджае. Я займаюся прапушчанай гісторыяй».

З беларускіх аўтараў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры раней былі намінаваны Васіль Быкаў, які ў 1998 годзе саступіў партугальцу Жазэ Сарамага, у 2006 годзе за зборнік вершаў «Ксты» на ўзнагароду прэтэндаваў Рыгор Барадулін, двойчы — у 2009 і 2010 гадах — за свае казкі намінаваўся Георгій Марчук.

Сёлета канкурэнтамі Святланы Алексіевіч былі японскі пісьменнік Харукі Муракамі, кеніец Нгуці ва Тхіонга, лаўрэат Пулітцараўскай прэміі амерыканец Філіп Рот, нарвежскі празаік, адзін з самых запатрабаваных драматургаў у свеце, Юн Фосэ і іншыя творцы.

Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 годзе ва ўкраінскім горадзе Івана-Франкоўск, але пазней сям’я пераехала ў Беларусь, на радзіму бацькі, дзе будучая пісьменніца скончыла аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, працавала настаўніцай і журналісткай. Першая кніга — «У вайны не жаночы твар» — была напісана ў 1983 годзе, праўда, выйшла яна крыху пазней, затое адразу ў некалькіх месцах: у маскоўскіх часопісах «Октябрь», «Роман-газета», выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Советский писатель».

Увогуле, кнігі пісьменніцы выдаваліся ў дзевятнаццаці краінах свету. Святлана Алексіевіч атрымала шэраг узнагарод — прэмію Рэмарка, Нацыянальную прэмію крытыкі ў ЗША, лейпцыгскую кніжную прэмію «За ўклад у еўрапейскае ўзаемаразуменне», расійскую незалежную прэмію «Трыумф», прэмію Курта Тухольскага «За мужнасць і годнасць у літаратуры» і іншыя.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота БЕЛТА


На беларускую мову перакладзена кніга пра Эдварда Вайніловіча

$
0
0

Асоба Эдварда Вайніловіча цяпер стала для нас яшчэ больш блізкай. З’явілася дакументальная аповесць, прысвечаная гэтаму выдатнаму чалавеку. Яе напісала польская журналістка Гізэля Хмялеўская на падставе рэальных дакументаў, якія ёй удалося адшукаць. А зусім нядаўна перакладзеная на беларускую мову Валерыяй Ждановіч кніга «Церні крэсаў» пабачыла свет у нашай краіне.
15-26

«…Ён мог нарадзіцца і ў Савічах — на зямлі, якая з 1661 года заставалася ў руках Вайніловічаў герба «Сыракомля». Там, дзе быў бацькоўскі палац, мноства памятак звязана з мінуўшчынай яго роду. Але бабуля і дзед з матчынага боку — Міхаліна з роду Манюшак і Эдвард Ваньковіч — абавязкова хацелі, каб першы ўнук прыйшоў на свет у іх доме ў Вялікай Сляпянцы. Яно і лепш, што так выйшла, бо сёння ад колішняй рэзідэнцыі ў Савічах, па сутнасці, не засталося ані следу. Купка старых дрэў, руіны гаспадарчых будынінаў і сціплыя рэшткі палацавых муроў пакрытыя прэлай саломай, па якой блукаюць задуменныя каровы…» — такімі словамі пачынаецца ўступная частка «Церняў крэсаў», якую для прысутных на прэзентацыі выдання агучыў артыст Беларускай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, самы вядомы «дылетант» краіны Юрый Жыгамонт. Так, месцамі наша мінулае занядбана, аднак веды пра яго дапамагаюць аднавіць рэальную карціну, якой, часцей за ўсё, можна ганарыцца.

Беларускае перавыданне «Церняў крэсаў» прайшло няпросты шлях. На ім яго падтрымліваў Польскі інстытут у Мінску. Натуральна, найперш апекаваўся кнігай выдавец Віктар Хурсік, які адзначыў, што кожнае выданне для яго — нібы выняньчанае дзіця, і «Церні крэсаў» — не выключэнне. Натуральна, праз сэрца прапусціла кнігу і перакладчыца Валерыя ЖДАНОВІЧ:

— Справа беларускага перавыдання гэтай кнігі напачатку выглядала проста рамантычнай задумай. Аднак мала хто зрабіў столькі, як Эдвард Вайніловіч, каб крыніца беларускасці зноў пачала бруіцца. Таму ў нас усё атрымалася… Менавіта Вайніловіч заснаваў банк і даваў грошы простым людзям, каб спраўдзіць іх мару аб уласнай зямлі. Ён быў тым чалавекам, які адчуваў бацькоўскую прагу апекі над тымі, каму мог дапамагчы, і шчодра адарыў іх гэтым. Шмат рабіў, напрыклад, для бедных шляхецкіх сем’яў, якія апынуліся ў палоне ліхвяроў: даваў пазыкі, каб дапамагчы далей існаваць годна. Вайніловіч развіваў мясцовую сельскую гаспадарку, бо бачыў у ёй самыя глыбокія карані нацыянальнага жыцця. Трагедыя гэтага чалавека звязана з асабістым горам — стратай любімых дзяцей. Але пасля адбылася яшчэ і ломка яго светапоглядаў: ірацыянальныя сілы пачалі бурыць усё, што ён будаваў. Вымушанае перасяленне прывяло да таго, што ён апынуўся далёка ад роднай зямлі, не мог нават памаліцца ў тым касцёле, які ўзводзіў у гонар сваіх дзяцей… Сёння часта разважаюць пра тое, ці святы Эдвард Вайніловіч? Думаю, так. Усё яго жыццё — гэта цуд. А найвялікшы цуд — тое, што касцёл у гонар святых Сымона і Алены ў сталіцы захаваўся, нягледзячы ні на якія катаклізмы.

Сапраўды, нават калі памяці пра Эдварда Вайніловіча сучаснікі ўдзяляюць мала ўвагі, касцёл Сымона і Алены ў Мінску велічна ўздымаецца над плошчай Незалежнасці. Яго чырвоны колер быццам нагадвае пра палымянае сэрца свайго фундатара, які не стамляўся любіць — сваіх дзяцей, сучаснікаў, Радзіму, мову…

Пра еднасць Вайніловіча і беларускай сталіцы гаварыў і галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва Уладзімір ДЗЯНІСАЎ:

— Аўтарка кнігі падкрэсліла, што асноўнай рэзідэнцыя Вайніловіча былі Савічы. Аднак ён быў звязаны з Мінскам. Па-першае, тым, што нарадзіўся ў маёнтку Вялікая Сляпянка. Паяднаны яшчэ і таму, што яго хрысцілі менавіта тут. У Нацыянальным гістарычным архіве захавалася актавая кніга Мінскага кафедральнага касцёла, дзе маецца запіс пра гэта. Я думаю, што Эдвард Вайніловіч прыязджаў сюды (хаця адпаведных успамінаў не захавалася), бо гэта была мінская летняя рэзідэнцыя яго самага блізкага сваяка Ваньковіча, якому належала Сляпянка… Гізэля Хмялеўская, дзякуючы сваёй энергіі, па кавалачках сабрала сямейныя архівы Вайніловіча, якія разышліся па ўсёй Польшчы. Многія прафесійныя гісторыкі займаліся вывучэннем гэтай постаці, пісалі пра яго, аднак такой працы зрабіць не здолелі. Вайніловіч вяртаецца на Беларусь, бо гэтая кніга, перакладзеная на беларускую мову, стала даступнай для ўсіх, хто цікавіцца нашай мінуўшчынай.

Дарэчы, сама Гізэля Хмялеўская падзялілася думкай, што ў Мінску варта было б належным чынам уганараваць асобу Вайніловіча — назваць яго імем адну з вуліц.

Прафесар, доктар філалагічных навук Адам МАЛЬДЗІС на прэзентацыю выдання, як заўсёды, прыйшоў не з пустымі рукамі, а з сенсацыяй у запасе:

— У кнізе апісана гісторыя мястэчка Юравічы цяперашняй Гомельскай вобласці — таго, што там былі касцёл, затым — праваслаўная святыня. Калісьці адна мясцовая магнатка па прозвішчы Горват узяла абраз Маці Божай і падпольна перадала ў Кракаў. У 1934 годзе ён быў выстаўлены ў касцёле Святой Барбары. Я неяк завітаў туды, каб, па-першае, паглядзець на сам абраз, па-другое, падумаць, як можна зрабіць гістарычны абмен — арыгінал вярнуць у Юравічы, а копію — перадаць у Польшчу. Святар выслухаў мяне ўважліва… Аказваецца, у гістарычных дакументах пазначана і апублікавана, што гэтая ікона была перададзена туды ў дэпазіт. Таму вяртанне яе бачыцца сапраўды рэальным.

Аднак ёсць і тое, што крыху бянтэжыць у «Цернях крэсаў». Здзіўляе даследчыкаў і проста ўважлівых чытачоў сама назва выдання, дзе ўжыта слова «крэсы» (ускраіны. — Аўт.). Беларусь — больш не ўскраіна. Гэта самастойная краіна, якая ні ад кога не залежыць. З такой думкай згодны як прафесар Адам Мальдзіс, так і дацэнт, кандыдат гістарычных навук гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталь МАКАРЭВІЧ, які патлумачыў:

— Эдвард Вайніловіч у сваіх успамінах, якія пісаў ужо ў 1920-х гадах, ужывае выраз «крэсы беларускія, нашы крэсы». Аднак на той час тэрыторыя сучаснай Беларусі — былога Вялікага Княства Літоўскага — была не актыўным, а пасіўным удзельнікам падзей. Нас разарвалі на часткі, і мы ў пэўным сэнсе былі ўскраінай іншых палітычных утварэнняў. Аднак сённяшнія беларусы тэрмін «крэсы» ўспрыняць не могуць. І дыпламатычна, і метадалагічна гэта не вельмі правільна ў дачыненні да Беларусі. Вайніловіч нарадзіўся на Літве, або Русі, у 1920-я гады гэта зямля стала «крэсамі», аднак сёння — гэта Беларусь, Украіна і Літва.

Варта дадаць, што асоба Эдварда Вайніловіча сёння набывае ўсё большую папулярнасць. На рускай мове выйшлі яго мемуары, якія з задавальненнем чытаюць самыя розныя людзі, зацікаўленыя дзейнасцю слыннага папярэдніка. На Капыльшчыне плануюць стварыць маршрут «Шляхамі Вайніловіча». У Чырвоным касцёле каштоўнасці і прынцыпы жыцця славутага фундатара папулярызуе ксёндз Уладыслаў Завальнюк. Вайніловіч і сёння, амаль што праз стагоддзе, аб’ядноўвае многіх…

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Новая экспазіцыя адкрыта ў Купалаўскім запаведніку «Ляўкі»

$
0
0

Новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя была адкрытая 15 снежня ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Ляўкі”. Сімвалічную чырвоную стужку разрэзалі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік і дырэктар дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. 

Янко Купала

У новай экспазіцыі часткова адноўлены інтэр’ер пакоя былой сядзібы Копыскага лясніцтва, у якім жыў Янка Купала, і дзе паэт, натхнёны мясцовай прыродай і сустрэчамі ў Ляўках, напісаў 18 вершаў – славуты “ляўкоўскі цыкл”. Гэтыя вершы, якія шмат у чым характарызуюць літаратурнае ды грамадскае жыццё Беларусі 1930-хх гадоў, леглі ў аснову афармлення тэматычных комплексаў – усяго шэсць залаў. Янка Купала як асоба ў гісторыі і літпрацэс 1930-хх, сустрэчы ў Ляўках, інтэрактыўная прастора, пакой, у якім жыў Купала, сувязі паэта з Аршаншчынай, яго багатая перакладная дзейнасць – вось пра што распавядае і што паказвае новая ляўкоўская экспазіцыя. Асаблівую ўвагу наведнікаў мусіць прыцягнуць інтэрактыўная зала, у акне якой можна ўбачыць самога Купалу падчас шпацыру па летнім садзе.

Нездарма «ляўкоўскае абнаўленне» прыйшлося на 2015 год. Упершыню Янка Купала наведаў Ляўкі ў 1935-м і ў тым жа годзе, падчас уседзяржаўнага святкавання 30-годдзя яго творчай дзейнасці, атрымаў у падарунак дачу, ім самім спраектаваную.

Адметна, што акрамя пісьменнікаў, музейных дзеячоў і прадстаўнікоў мясцовых уладаў у свяце ўзялі ўдзел сваякі Янкі Купалы – унучатыя пляменнікі паэта Віктар і Іван Аўлачынскія.

Андрэй Жбан

Весела, павучальна, інтэрактыўна!..

$
0
0

Аб’яву з інтрыгуючым запрашэннем чыталі ўсе — і дарослыя, і дзеці. 

Зазіралі ў бібліятэку, цікавіліся: «Што, сапраўды часопіс прыязджае? Жыўцом?»

Насамрэч, літаратурныя гасцёўні «Бярозкі» ўжо сталі школьнай традыцыяй: адна з іх, для навучэнцаў сёмых класаў, адбылася ў кастрычніку; другая, для шасцікласнікаў, — у лістападзе. Цяпер вось да снежня дабраліся.

19-14-1

Нядзіўна: часопіс у нас у пашане. Кожны клас выпісвае. Кожны вучань чытае. Чаму? Таму што гэта цікава. Весела. Павучальна. Займальна. Інтэрактыўна. Актуальна. Модна, урэшце.

А яшчэ таму, што «Бярозка» піша пра нашу школу. І нашы дзеці пішуць для «Бярозкі». Стараюцца вельмі. І радуюцца, калі атрымліваецца сапраўдная публікацыя. Вядома — яшчэ толькі вучань, а ўжо — аўтар! Школа ўваходзіць у склад савета чытачоў часопіса. І сябруе з ім у сацыяльнай сетцы «УКантакце», дзеліцца навінамі з сябрамі, бацькамі і калегамі. Такая вось віртуальная «бярозавая» сетка атрымліваецца.

Сама сустрэча адбываецца, нагадаем, у бібліятэцы. За круглым сталом збіраюцца вучні і выкладчыкі. Чытаюць артыкулы, абменьваюцца думкамі, спрабуюць выступіць у якасці дарадчыкаў для герояў рубрыкі «Сітуацыя плюс». Задаюць пытанні нашым аўтарам — іх пакуль што тры — Павел Ародзь, Ліза Сцяцко і Галіна Анатольеўна Богдан, нязменная вядучая рубрыкі «Сітуацыя плюс».

Трое, а хацелася б болей! Гэтаму і прысвечана другая частка гасцёўні — абмяркоўваюцца будучыя артыкулы будучых аўтараў.

— Хто б мог напісаць для «Бярозкі» рэпартаж пра цікавую падзею? — пытаецца гаспадыня гасцёўні Ніна Аляксандраўна Мінько.

Тры рукі падымаюцца ўгору пакуль што нерашуча.

— А хто на інтэрв’ю з мэрам замахнецца? — усміхаецца Галіна Анатольеўна.

— А можна? — задыхаюцца ад захаплення хлопчыкі, выкідаючы ўгору далоні.

— Для «Бярозкі» можна. А хто казку прыдумае?

І ажываюць вочы, і свецяцца загадкавымі ўсмешкамі твары, і пачынае працаваць дзіцячая фантазія. Безумоўна, не ўсе сённяшнія энтузіясты будуць аўтарамі часопіса. Але даць ім такую магчымасць, абудзіць зацікаўленнасць да творчага самавыяўлення, да чытання, прадэманстраваць унікальнасць выдання па сілах кожнай школе. Тым больш што рэдакцыя вітае і падтрымлівае ініцыятыву дзяцей.

У перспектыве гасцёўні плануецца рабіць адкрытымі, гэта значыць выкладаць інфармацыю і фотаздымкі ў школьных сецевых суполках, далучаць бацькоў, выкладчыкаў, вучняў.

А яшчэ мы вельмі спадзяёмся на працяг нашага сяброўства з «Бярозкай», новыя цікавыя тэксты, новыя яркія літаратурныя падзеі.

Галіна БОГДАН, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №12 г. Гродна

Маршруты беларускіх чытачоў

$
0
0

Я як цяпер памятаю маю першую беларускую кнігу. Гэта быў зборнік беларускіх народных казак «Бацькаў дар» з малюнкамі Анатоля Волкава. Я не ведаю, чаму зняла з паліцы менавіта яго (у бацькоўскім доме ёсць шмат беларускамоўнай літаратуры), але гэтае выданне здалося мне нейкім чароўным. Напэўна, з-за вокладкі, а можа, з-за назвы. Я не выбрала тады «Пакінутую на досвітку» Гаўрылкіна ці штосьці іншае — нічога не змяніць: мая першая беларуская кніга — «Бацькаў дар» на матчынай мове.

19-21-1

Але ў нашай краіне чамусьці першая беларуская кніга «здараецца» з многімі толькі ў школе, яе не запамінаюць, яе не будуць перачытваць. Беларускія кнігі мы чытаем часцей за ўсё быццам пад прымусам у рамках абавязковай школьнай праграмы, а для асалоды выбіраем замежныя. Чаму так здараецца? Што рабіць, каб беларуская літаратура для нас не станавілася чужой?

Можа быць, уся справа ў прасоўванні беларускай літаратуры, у тым, як кнігі павінны прыходзіць да чытача? Чаму творы Караткевіча і Шамякіна маглі папулярызаваць? Іх куплялі (як на рускай, так і на беларускай мове), бо было цікава чытаць такую літаратуру. Ці толькі ў адсутнасці правільнай рэкламы праблема? Можа, беларускі чытач проста не гатовы да нашай сучаснай літаратуры? Хто б што ні казаў, але ў нас ёсць і бібліятэкі, і кнігарні (прынамсі ў вялікіх гарадах, у правінцыі з кніжнымі крамамі складаней), і сайты, якія займаюцца распаўсюджваннем кніг. Літаратуру можна знайсці дзе заўгодна — ад букіністычных аддзелаў і паліц буккросінгу (абмену кнігамі) да «спатканняў з кнігай» — акцый, якія ладзяцца ў Мінску даволі часта. Знайсці кнігу, якая зацікавіла, сёння не праблема, было б жаданне.

Прыпынак «Бібліятэка»

Я чула, што ў савецкі час модна было прызначаць спатканні ў бібліятэках — настолькі яны былі папулярныя. Цяпер жа, кажуць, бібліятэкі паміраюць. Кажуць, што гэта проста сховішчы, апошні дом для кнігі. Магчыма, гэта праўда: наколькі часта мы цяпер ходзім у бібліятэкі?

Таіса Шынкевіч працуе ў сталічнай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. Здзіўляецца, калі я пытаюся ў яе пра сітуацыю з беларускай літаратурай:

— Не вельмі часта ў нас яе бяруць. А калі і бяруць, то Караткевіча, Быкава, Алексіевіч (не толькі цяпер, але і раней, зараз усё ўвогуле разабралі). Яшчэ з сучаснай літаратуры — Жывалеўскага… Але на беларускай у нас чытаюць мала.

Можа, у сталіцы чытач становіцца больш мабільным, яму няма калі хадзіць на абанемент і шукаць патрэбную кнігу? Але ў правінцыі бібліятэкі да гэтай пары з’яўляюцца ледзьве не адзінай сувяззю з літаратурным светам.

Напрыклад, у Паставах адзіная кнігарня знікла больш за 7 гадоў таму. Застаўся невялікі кніжны аддзел ва ўнівермагу, але асартымент там ніколі не змяняецца, а старыя кнігі ніхто не купляе. Для жыхароў горада адзіным выйсцем становіцца якраз бібліятэка — яе загадчык кажа, што чытаюць там сапраўды шмат — ад класікаў да нашага сучасніка празаіка Андрэя Федарэнкі. Не дзіва, што апошнім часам узрасла цікавасць да твораў Алексіевіч — былі выпадкі, калі людзі запісваліся ў бібліятэку знарок, каб узяць яе кнігі.

Нягледзячы на рознасць меркаванняў, што такое сучасная бібліятэка — кнігасховішча ці рэальная магчымасць знайсці жаданую кнігу, — яны існуюць і гатовыя працаваць з чытачамі. Былі б кнігі.

Прыпынак «Кніжная крама»

Калі звярнуцца да статыстыкі па выпуску беларускай літаратуры, якую я атрымала ў Міністэрстве інфармацыі, то можна даведацца, што за 9 месяцаў бягучага года ў Беларусі выдадзена 840 назваў кніг і брашур агульным накладам 2,57 млн экзэмпляраў (у параўнанні з мінулым годам — гэта на 1,6% больш па назвах). Удзельная вага беларускай кнігі за гэты перыяд па назвах — 11,4% ад агульнай колькасці, па накладу — 15,5%. Але тыраж выхаду беларускай літаратуры за апошнія 3 гады не змяняўся — ён застаецца на мяжы 2,6 мільёна экзэмпляраў.

Ці адлюстроўваюць гэта кнігарні? Дзяржаўныя, прыватныя, вядомыя і толькі што адчыненыя — іх безліч. Але і кнігарні не гарантуюць поспеху ў пошуках жаданага. З уласнага досведу: кнігу аднаго сучаснага беларускага аўтара я не знайшла ні ў адной з крам (абышла тады іх не менш за 5). Але ж наяўнасць кніг залежыць ад чытацкіх запытаў.

Марына Апёнак з кнігарні «Светач» кажа, што 80% беларускіх кніг, якія тут купляюць, — гэта падарункавыя выданні і альбомы, а на мастацкую літаратуру застаецца 15%. Але асабліва можна вылучыць гістарычны кірунак, на які прыпадае 5%: добра разыходзяцца кнігі Анатоля Бутэвіча, Міколы Ермаловіча, Людмілы Рублеўскай, Віктара Праўдзіна.

— У нашай краме шмат пакупнікоў беларускіх кніг, асабліва моладзі ў апошні час. І кніг вельмі шмат на беларускай мове, у тым ліку і дзіцячых. А для моладзі ёсць серыя «Мая беларуская кніга» — яна вельмі паспяховая, бо і кошты дэмакратычныя, і ўсю класіку перачытаць можна. Напэўна, моладзь пачынаюць выхоўваць у духу любові да сваёй радзімы, — мне здаецца, гэта сапраўды так, інакш патлумачыць іх цікаўнасць да беларускай літаратуры не магу. Людзі цяпер любяць чытаць на беларускай мове, у нас пераклады амаль не купляюць — толькі на беларускай! Можа, таму што беларускае рэкламуем — праводзім сустрэчы з пісьменнікамі, — да нас прыходзілі Бутэвіч, Шніп, Гальпяровіч, — кажа Алена Тарасюк, загадчыца крамы «Белкніга», што на праспекце Незалежнасці ў сталіцы.

Ёсць погляд, што на беларускай літаратуры зарабіць немагчыма. Таму ў кнігарнях выбар сучаснага беларускага не такі разнастайны, ды і класіка ёсць не паўсюль. Але ёсць месца, дзе прадстаўлены амаль усе навінкі сучаснай беларускай літаратуры — гэта кнігарня «Ў». Юлія Бондар, прадавец крамы, кажа, што ў беларускай літаратуры ёсць усе шанцы, каб стаць папулярнай:

— Можна вешаць на білбордах цікавыя цытаты, уводзіць у школьную праграму цікавыя творы, паказваць маладым, што ў нас ёсць незвычайная літаратура. Варта імкнуцца любіць і паважаць сваё, уводзіць людзей у беларускамоўнае асяроддзе.

Аднойчы, я ўпэўнена, прыйдзе час, калі за беларускай будуць ганяцца, як у кнізе «Мова». Пра мову будуць дбаць, на мове захочуць гаварыць, на мове пажадаюць чытаць… Але пакуль чым можна патлумачыць, што на кніжным кірмашы на Нямізе няма беларускіх кніг? Хочаш 100 рэцэптаў страў з морквы — калі ласка, хочаш новую кнігу Вудзі Аллена — трымай, але ніводнай кнігі на беларускай мове не знайсці. Шукаем далей…

Букіністычныя аддзелы заўсёды здаваліся мне таямнічымі — у кожнай кнігі тут свая гісторыя: чаму яе здалі, хто яе прынёс? Магчыма, пераацэнка каштоўнасцяў, магчыма, хочуць падзарабіць.

— Часам на вокладках можна знайсці аўтограф самога Караткевіча, але іх купляюць імгненна, — кажа загадчыца букіністычнага аддзела ў кніжным доме «Веды» Галіна Сямёнаўна.

Прыпынак «Інтэрнэт»

У час інтэрнэту мы ўжо лянуемся выходзіць з кватэр па некалькі сотняў друкаваных аркушаў, мы хочам, каб іх да нас прывозілі, як гэта робіць, напрыклад, ОZ.BY.

Але тут беларуская літаратура не карыстаецца асаблівай папулярнасцю:

— Верагодна, адбіваецца недахоп рэкламы. Прыклад таму — кніга «50 адценняў шэрага», якая за кошт рэкламы шмат месяцаў была лідарам продажу. Але і ў беларускай літаратуры ёсць шмат добых твораў, таму мы гатовыя прадаваць беларускую літаратуру нават з нізкай рэнтабельнасцю, каб падтрымліваць культуру нашай краіны, — тлумачыць РR-менеджар ОZ.BY Валерыя Мельнікава.

«Чытач» — канцавы прыпынак

Чытачоў беларускай літаратуры, можа, не шмат, але яны ёсць. І гэта людзі, якія адразу скіраваныя на нешта пэўнае, гэта людзі сучасныя, інтэлектуалы. Можна іх умоўна падзяліць на групы, як той казаў, «па інтарэсах».

Ёсць людзі, якія цікавяцца сваёй краінай, тым, што тут адбываецца — гэта так званыя чытачы-інтэлектуалы, носьбіты культурнага менталітэту, у якіх спецыфічныя запатрабаванні — яны шукаюць, напрыклад, кнігі Бахарэвіча.

Ёсць тыя, хто любіць «жыццёвую» літаратуру, каго цікавіць не столькі закручаная кампазіцыя твора, колькі паводзіны героя ў абставінах, блізкіх чытачу — мы ж заўсёды шукаем у кнігах сябе. Адсюль і прага «бытавой» прозы Батраковай і Лісіцкай.

А ёсць асобная частка грамадства — дзеці, а калі дакладней, то іх бацькі, якія арыентуюць дзяцей паважаць сваю краіну, любіць родную мову. Хутчэй за ўсё, яны будуць купляць «Сумны суп» Вольгі Гапеевай.

У пошуках дзіцячай літаратуры беларускага чытача заўсёды напаткае поспех — дзіцячае ў нас купляюць і любяць, адсюль і разнастайнасць выбару. За дзіцячай літаратурай, напрыклад, дакладна можна ісці ў «Кніжную шафу» — уладальнікі ўжо ведаюць, што кнігі для самых маленькіх карыстаюцца попытам, таму і выданняў тут хапае:

— Прыходзяць мамы і таты, якія прывучаюць дзяцей да беларускай мовы. Жывыя, з бліскучымі вачыма. Такіх людзей адразу пазнаеш. Аднойчы прыходзіла жанчына, якая шукала кнігі для ўнукаў, якія жывуць у Амерыцы. Іх бацька хацеў навучыць дзяцей менавіта беларускай мове, — распавядае ўладальніца «Кніжнай шафы» Настасся.

Але і з дзіцячымі беларускімі кнігамі ў крамах часам бываюць праблемы — іх не хапае! Здаецца, калі гэтыя кнігі карыстаюцца папулярнасцю, то чаму нашы пісьменнікі і выдаўцы не робяць высноў для сябе? Адказу няма, але ёсць факт: беларусы гатовыя купляць дзецям любую літаратуру на роднай мове — у тым ліку перакладную замежную, напрыклад вершы Пушкіна па-беларуску.

Напэўна, апошнія і вызначаюць будучыню беларускай кнігі, калі выхоўваюць на ёй дзяцей. Малыя запомняць сваю першую кнігу, такое чытанне стане для іх натуральным. Беларускім сучасным пісьменнікам трэба пра іх падумаць: што заўтра захочуць чытаць тыя, хто вырас на беларускамоўных кніжках? Ці хопіць ім толькі таго, што ўжо напісана? А галоўнае — калі гэтыя дзеці, выгадаваныя на родным слове, стануць прасіць больш і больш беларускага, можна будзе адразу сказаць, што наша літаратура — іt’s а nеw blасk (гэта крута)!

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Хто такі Балотнік?

$
0
0

Адказ падкажа казка.

«Я!» — «Я!» — «Я!» — «Калі ласка, можна я? Калі ласка!»

Вочы, поўныя «запалу і агню». Дзясяткі рук, што імкліва ўскінуліся ўверх. І гэта не ўрок у канцы чвэрці, калі дзецям выпадае апошні шанц выправіць дрэнныя адзнакі. Гэта — кніжны марафон «Калядная казка», арганізаваны Выдавецкім домам «Звязда» сумесна з сеткай крамаў «Белкніга» ў рамках рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне». А прайшоў ён 15 снежня ў Доме кнігі «Светач» у Мінску.

22-19

Дзеці заўсёды вераць у казку

Дзеці, якія завіталі ў госці да «Каляднай казкі», сталі непасрэднымі ўдзельнікамі падарожжа ў свет фантазій і незвычайных прыгод. А сімвалам таго, што мерапрыемства пачалося, стаў узмах чароўнай палачкі ў руках вядучай! Чаму менавіта «марафон»? Таму што адразу некалькі беларускіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей, пазнаёмілі гасцей сустрэчы са сваімі казкамі, вершамі і загадкамі. Анатоль Зэкаў, Галіна Пшонік, Віктар Кажура, Яна Явіч — пісьменнікі імкнуліся не проста расказаць пра свае творы, але даць дзецям магчымасць стаць актыўнымі ўдзельнікамі казачнай дзеі. У гэтым ім дапамаглі гульні, інтэлектуальныя заданні і спецыяльныя «казачныя» пытанні. Колькі боцікаў патрэбна вожыку, каб абараніць ад холаду сваіх дзетак? Хто такі Балотнік, і як да яго змагла трапіць звычайная дзяўчынка Зося? У якіх ягад лісточкі «быццам вушкі», а на «тварыках» — вяснушкі? Напэўна, дарослым няпроста адказаць на гэтыя пытанні. А вось дзеці справіліся з заданнем «на ўра»! За што і атрымалі прыемныя падарункі ад арганізатараў.

22-21

І хоць асноўная мэта кніжнага марафона — абудзіць у дзецях інтарэс да сучасных беларускіх аўтараў, паказаць, што ў іх ёсць шмат цікавых твораў для юных чытачоў (і яна была дасягнута!), важна нават не гэта. У пісьменнікаў атрымалася стварыць душэўную і шчырую атмасферу свята, якой часта так не хапае ў паўсядзённым жыцці. І кожны з прысутных імкнуўся далучыцца да гэтай светлай і добрай Казкі.

Дарэчы, у рамках рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне», адным з заснавальнікаў якой з’яўляецца Выдавецкі дом «Звязда», пісьменнікі актыўна праводзяць прэзентацыі сваіх кніг не толькі ў кніжных крамах, але і ў бібліятэках і школах. «На мой погляд, «Сямейнае чытанне» — гэта вельмі добрая культуралагічная акцыя з вялікім выхаваўчым патэнцыялам, — кажа Галіна Пшонік, пісьменніца і журналіст, якая прыняла ўдзел у кніжным марафоне. — Я бачу, што дзецям сёння не хапае інтэлектуальных зносінаў. Такіх, якія можа забяспечыць сустрэча з цікавымі людзьмі. З нашымі сённяшнімі аўтарамі, напрыклад. Калі ж адбываецца такі сінтэз інтэлектуальнага і духоўнага, ды яшчэ пры непасрэдным удзеле беларускіх аўтараў, — гэта вельмі важна для выхавання свядомай асобы».

22-20

Удзельнікі кніжнага марафона пісьменнікі Галіна ПШОНІК і Анатоль ЗЭКАЎ.

Як пісаць дзіцячыя кнігі, каб зацікавіць юных чытачоў? З такім пытаннем мы звярнуліся да Алены Мальчэўскай, якая гэтымі днямі прэзентавала сваю кнігу «Ша-ша з левага чаравіка» ў адной з крамаў РУП «Белсаюздрук»:

— Ведаеце, нейкага выпрацаванага падыходу ў мяне няма. Але ёсць жа такая вядомая фраза, што пісаць для дзяцей трэба гэтак жа, як для дарослых, толькі лепш. Мне падаецца, што трэба пісаць як для сябе і пра сябе — але ў пэўным дзіцячым узросце. Калі я прыдумляла казачныя гісторыі, узгадвала менавіта сябе — у 11 год. Будзьце шчырымі — і ваш твор прыцягне ўвагу чытачоў.

Алена Зарэчная

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Народная паэзія Багушэвіча

$
0
0

Адзін з лепшых гісторыкаў Лідчыны ХХ стагоддзя Міхал Шымялевіч пісаў у сваіх успамінах пра папулярнасць вершаў Францішка Багушэвіча ў Лідзе яшчэ да выдання яго кніг.

Пішучы пра аднаго з лідскіх старажылаў — Казіміра Вісманта на пачатку ХХ стагоддзя, гісторык паведаміў, што стары Казімір меў сына, якога ён вучыў на арганіста, і ажно чатыры дачкі. Да Казіміра Вісманта вечарамі хадзіла на вячоркі лідская моладзь, бо, зразумела, у доме тры дарослыя дачкі, і чацвёртая, Броня, ужо «ўбіваецца ў пёры». Моладзь гуляла ў гульні, распавядала ўсялякія цікавыя гісторыі, анекдоты, байкі, жахі, альбо пра чары і незвычайныя з’явы. Часам дэкламавалі «Легенду пра Ківона, божага пакутніка» альбо такія вершы, як «Панскае ігрышча» ці «Aдказ на панскае ігрышча» і іншыя, «якія праз нейкі час былі надрукаваны ў Кракаве ў кніжачках Мацея Бурачка». З гэтых некалькіх радкоў вынікае, што вершы Францішка Багушэвіча мелі папулярнасць яшчэ да выдання яго кніжак, перапісваліся і чыталіся падчас вячорак.

Вядома, што Багушэвіч быў знаёмы з пісьменніцай Элізай Ажэшкай і наведваў яе ў Гродне. Ажэшка пісала ў пісьме да Яна Карловіча з Гродна 2 лістапада 1887 года: «Тры тыдні таму быў у мяне добры Ваш знаёмы з Вільні п. Багушэвіч. Вельмі прыемна правяла я з ім некалькі гадзін. Ён мне чытаў сваю беларускую паэзію дый нават даў мне тэксты з асобным вершыкам, гэтаксама па-беларуску… Ці ж не праўда, што гэтыя рэчы вельмі харошыя, маюць нейкае асаблівае хараство, і мяне вельмі цікавіць, ці здолеюць іx зразумець дый засмакаваць у іx нашыя сяляне? Будучым летам папрабую чытаць іx маім міневіцкім знаёмым».

Як бачым, напрыканцы 1887 года вершы Багушэвіча яшчэ невядомыя на радзіме і Эліза Ажэшка толькі плануе іх «пусціць у народ» — перадаць сялянам свайго маёнтка ў Мінявічах. А першая кніга паэта, «Дудка беларуская», выходзіць у Кракаве толькі ў 1891 годзе. Таму падзеі, якія апісвае Міхал Шымялевіч, можна датаваць — паміж 1888 і 1891 гадамі.

Важна адзначыць відавочнае «выбуховае» распаўсюджанне вершаў Багушэвіча: фактычна за некалькі гадоў вершы набываюць папулярнасць і пачынаюць жыць у беларускім народзе сваім жыццём. Такім чынам, мы бачым, што паэзія Багушэвіча была па-сапраўднаму народнай.

Леанід Лаўрэш

У Прэзідэнцкай бібліятэцы прэзентавалі Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага, выдадзены ў 1744 годзе

$
0
0

Яго выкупілі ў аднаго з польскіх калекцыянераў.

Імя таго, каму асаблівым чынам трэба дзякаваць за падобны здабытак, — Андрэй Радкоў. Ён студэнт шостага курса гістарычнага факультэта БДУ. Увесь працэс — ад пошуку кнігі да дастаўкі ў Беларусь — заняў у Андрэя паўгода. У набыццё ён нават уклаў свае грошы, і толькі пасля таго, як кніга апынулася ў андрэевых руках, яна трапіла ў Прэзідэнцкую бібліятэку. Што цікава, гэта ўжо далёка не першы падобны годны ўчынак Радкова. Тры гады таму разам з Аляксеем Бацюковым, дырэктарам музея гісторыі Магілёва, і Дзмітрыем Яцкевічам, сённяшнім намеснікам дырэктара Нацыянальнага гістарычна-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», яны вярнулі Беларусі Статут ВКЛ 1588 года.

22-17

— Статут ВКЛ для нашай краіны — гэта працяг слаўнай традыцыі дзяржаўнасці на Беларусі, — кажа Андрэй Радкоў. — Гэтая кніга — помнік грамадска-палітычнай, прававой думкі. Кожны радок не проста быў узяты з галавы, а стагоддзямі ствараўся нашымі продкамі. Гэта той досвед грамадскага і палітычнага жыцця, які назапашваўся вякамі. Першы Статут прынялі ў 1529 годзе. Пасля была рэдакцыя 1566 года. Больш дасканалую версію зацвердзілі ў 1588 годзе. Гэты збор законаў дзейнічаў на нашых землях да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Кніга, якую я знайшоў, выдадзена ў Вільні, з’яўляецца польскамоўным перавыданнем апошняй рэдакцыі. Пад адной вокладкай сабралі некалькі заканадаўчых актаў. Гэтае выданне было даволі запатрабаванае.

— Але ў Беларусі захавалася зусім мала Статутаў.

— На жаль, так і ёсць. Амаль кожная буйная еўрапейская вайна рушыла праз нашу тэрыторыю. Праходзілі канфіскацыі, эвакуацыі, здараліся пажары… З-за гэтага мы шмат што страцілі. І цяпер прыходзіцца ўсё вяртаць, збіраць літаральна па крупінках. Што тычыцца арыгіналаў Статута ВКЛ, два з іх знаходзяцца ў Магілёве: адзін на старабеларускай мове, другі — на польскай. Ведаю, што яшчэ па адной кнізе ёсць у баранавіцкім і гарадзенскім музеях, Нацыянальнай бібліятэцы і цяпер у Прэзідэнцкай.

— Як ты наогул даведаўся пра гэтую кнігу?

— Сяргей Іванавіч Квачан, дырэктар бібліятэкі, папрасіў паспрыяць у пошуках Статута ВКЛ. Так сталася, што знайшоў выданне ў аднаго з гданьскіх калекцыянераў праз інтэрнэт. Каштавала яно каля 30 мільёнаў беларускіх рублёў. На ўсё ў нас пайшло паўгода. Цяжка пераацаніць дапамогу майго настаўніка і навукоўцы Дзмітрыя Яцкевіча, які выконваў ролю эксперта, а таксама прывёз фаліянт.

22-18

— Ці была небяспека, што мог з’явіцца перакупшчык, які дасць больш грошай?

— Так, крыху хваляваўся. Кніга знаходзілася ў вольным продажы, і яе маглі ў любы момант набыць. Ды і сама дарога з такой каштоўнай кнігай дае розныя падставы для хвалявання.

— Андрэй, а з чаго наогул распачаўся твой інтарэс?

— Я палову свайго жыцця марыў паступіць на гістарычны факультэт. Яшчэ падлеткам пазнаёміўся з выкладчыкамі БДУ. З таго часу многія сябры скончылі факультэт, але не пайшлі працаваць па прафесіі. А я заўжды думаў, што калі паступлю вучыцца на спецыяльнасць «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны», трэба нешта рабіць у гэтым кірунку. З першага курса я пачаў шукаць страчаныя кніжныя каштоўнасці. Першай маёй знаходкай стала метрыка ішкальдскага касцёла на лаціне, якую вялі з 1759 па 1807 год. Знайшоў яе на адным аўкцыёне, і мне стала прыкра, што такая кніга стала аб’ектам гандлю. Я зрабіў усё, каб арганізаваць яе выкуп. Дзякуй Богу, людзі дапамаглі. Ужо праз тыдзень яна знаходзілася ў руках даследчыкаў. Сёння яе можна ўбачыць у нацыянальным гістарычным архіве. З гэтай метрыкай звязаны цікавы выпадак. Ішкальдзь — вёска ў Баранавіцкім раёне — знаходзіцца непадалёк ад Вялікай Мядзведкі, малой радзімы славутага навукоўца, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Ён нарадзіўся ў 1802 годзе, і як мне тады здалося, у Ішкальдзі яго маглі хрысціць. Я з нецярплівасцю пачаў шукаць запісы, датаваныя 1802 годам. І што вы думаеце?! Я знайшоў прозвішча «Дамейка», але пасля перакладу высветлілася, што ягоны бацька Іпаліт прысутнічаў тут на хрэсьбінах дзіцяці з сям’і Верашчакаў, яшчэ аднаго славутага нашага рода, а сам Ігнат Дамейка, відаць, быў ахрышчаны ў Паланэчцы.

— На Статуце ВКЛ, напэўна, твае пошукі не спыняюцца. Які цяпер твой арыенцір?

— Загадваць не буду. Наперад не ўгадаеш, што будзе пазней. І вельмі складана расставіць прыярытэты паміж кнігамі. Маўляў, тая нам больш патрэбна, а гэтая — менш. Усё, што датычыцца нашай спадчыны, праз пэўны час знікае. Для нас важна ўсё.

Сяргей КВАЧАН, дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі:

— Для нас, беларусаў, Статут ВКЛ — гэта найбольш значны помнік юрыдычнай думкі, літаратуры і, безумоўна, наш нацыянальны здабытак, які трэба старанна вывучаць, папулярызаваць. І менавіта на аснове падобных выданняў варта фарміраваць і выпрацоўваць у моладзі пачуццё самасвядомасці, патрыятызм, гонар за нашу краіну, яе гісторыю.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

P.S. Што цікава, Статут ВКЛ — не адзіная старадаўняя кніга ў фондах Прэзідэнцкай бібліятэкі, якая спецыялізуецца пераважна на прававой літаратуры. Як расказала «Звяздзе» Святлана Паўлавіцкая, супрацоўніца аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі, самая старая кніга з фондаў бібліятэкі датуецца сярэдзінай ХVІ стагоддзя. Гэта юрыдычны дакумент, які сёння спатрэбіўся б натарыусу. Хапае ў тым ліку выданняў на лацінскай мове. Убачыць іх можна не толькі на выстаўках, якія пастаянна ладзяцца ў бібліятэцы, але і папрацаваць з імі ў чытальнай зале. Галоўнае — быць запісаным у бібліятэцы і мець чытацкі білет


Кнігі як цуд

$
0
0

Калядны дабрачынны баль кнігі прайшоў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Асноўнай тэмай свята, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі і адкрытае акцыянернае таварыства «Белкніга», сёлета стала чытанне ў сям’і.

23-31

Правядзенне дабрачыннага Балю кнігі напярэдадні Калядаў і Новага года стала выдатнай традыцыяй: ён ладзіцца ўжо чацвёрты раз. Баль і ўнікальны дабрачынны кніжны аўкцыён, што праходзіць у яго рамках, — гэта і падвядзенне вынікаў выдавецкага года, і магчымасць прадставіць самыя яркія праекты, і спроба здзейсніць цуд хоць для невялікай колькасці дзяцей-сірот. Так, сродкі, атрыманыя ад продажу кніжных лотаў штогод пералічваюцца на рахунак аднаго з дамоў-інтэрнатаў краіны. Сёлета атрымальнікам дабрачынных грошай стаў Журавіцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне.

Распачынаючы святочны баль, міністр інфармацыі Лілія Ананіч звярнула ўвагу на знакавыя для айчыннага кнігавыдання падзеі 2015 года:

— Сёлета наша краіна чарговы раз стала ўладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзель

Узяў пачатак міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і Час», які ўпершыню сабраў удзельнікаў з розных краін свету ў лютым, падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. 2015-ы стаў годам заснавання Нацыянальнай літаратурнай прэміі, гэта пацвярджае вялікі клопат дзяржавы пра развіццё нашай літаратуры, кнігавыдання. Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію — гэта таксама знакавы момант для беларускай літаратуры.

Адметнай падзеяй года можна назваць і пачатак акцыі «Сямейнае чытанне», што праводзіцца сумесна з Беларускім саюзам жанчын і будзе доўжыцца да мая 2016 года. Гэты праект закліканы яшчэ раз нагадаць, як важна ў коле сям’і, сяброў, блізкіх знаходзіць час для кнігі. Літаратурныя творы, прачытаныя разам, могуць стаць выдатнай тэмай для агульнай цёплай гутаркі. Міністр працы і сацыяльнай абароны, старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна заўважыла:

— На жаль, ёсць дзеці, якім мама ніколі не чытала кнігі, якія былі пазбаўлены гэтага шчасця матулінай ласкі, дабрыні і цеплыні казак, апавяданняў, гісторый. Сёння кожны з нас мае магчымасць падарыць такім дзеткам цяпло, паказаць сваю спагаду і неабыякавасць.

23-30

15 унікальных кніжных праектаў, аб’яднаныя ў 7 тэматычных блокаў, сталі лотамі дабрачыннага аўкцыёну. І калі на ранейшых святах самымі эксклюзіўнымі і каштоўнымі былі рарытэты з прыватных калекцый, выданні, якіх ужо даўно няма ў продажы, то сёлета рарытэты саступілі па папулярнасці кнігам, што яшчэ рыхтуюцца да шырокага выпуску і выдадзены толькі ў адзінкавых копіях. Падчас аўкцыёну сваіх першых чытачоў і ўладальнікаў знайшлі кнігі, якія, безумоўна, стануць хітамі наступнага года. Гэта выданне «Гонар Беларусі. Маладыя, таленавітыя, адораныя», падрыхтаванае выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» як своеасаблівы вынік Года моладзі. Кніга распавядае пра лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Першы асобнік выдання «Слуцкія паясы. Мастацтва, асобы, эпоха» (выдавецтва «Беларусь») таксама знайшоў свайго чытача. Самы дарагі лот аўкцыёну, які пайшоў з малатка за 9,5 мільёна рублёў, — таксама першы экзэмпляр. Гэта кніга «Уладзімір Мулявін. «Сэрцам і думамі…», падрыхтаваная выдавецтвам «Мастацкая літаратура» пад заслону года. Пад вокладкай фаліянта сваімі ўспамінамі пра выдатнага музыканта, стваральніка і кіраўніка легендарнага гурта «Песняры», народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна дзеляцца яго сябры і калегі. Выданне вельмі дарэчы — 12 студзеня Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 75…

Не засталіся без увагі і юбіляры 2015 года. Так, на аўкцыёне былі прадстаўлены кнігі Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы» і «Дзікае паляванне караля Стаха», мемуары выдатнага кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага і даследаванні яго нашчадкаў, перакладзеныя з французскай мовы (праект выдавецтва «Чатыры чвэрці»), выданне «Аляксей Кузьміч. Творца ўзвышаных Мадонн», прысвечанае памяці выдатнага мастака. Адзначылі і вялікі юбілей, які чакае нас у 2017-м, — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Былі прадстаўлены: рарытэтная энцыклапедыя «Францыск Скарына і яго час», эксклюзіўны праект «Скарынаўскі каляндар», а таксама кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету», падрыхтаваная летась Выдавецкім домам «Звязда».

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што з гадамі гэтыя кнігі здабудуць яшчэ большую каштоўнасць.

Калядны кніжны баль яшчэ раз даказаў: сёлета выдаўцамі рэалізавана сапраўды шмат знакавых праектаў, але і наступны год абяцае быць не менш цікавым і паспяховым. З кнігай, здольнай тварыць дабро, несці розум і асвету, сапраўды ўсё магчыма.

Падчас аўкцыёну сёлета было сабрана 68 мільёнаў рублёў, гэтыя грошы дапамогуць здзейсніць запаветныя жаданні выхаванцаў Журавіцкага дома-інтэрната. Дзякуючы добрай кнізе адбываюцца цуды!

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Кастуся Дробава

Літаратура ў бясснежным снежні

$
0
0

Ужо хутка Каляды і Новы год, а снегам і не пахла. Але святы ніхто не адмяняў, таму не хвалюйцеся: літаратурныя падарункі ад часопісаў «Маладосць», «Полымя», «Нёман» і «Бярозка» вы атрымаеце! Прапануем пасвавольнічаць ды зазірнуць у мех Дзеда Мароза.

23-18

У 12-м «Полымі» чытайце аповесць у навелах «Астравы на сушы» Казіміра Камейшы. «Тут будзе заўсёды крыху хаатычна, крыху асіметрычна, аднак жа з прыкідам свайго жыццёвага вокамеру, з думай не толькі пра сябе, але і нашчадкаў сваіх», — піша аўтар у прадмове да свайго твора. Інтрыгуе, ці не так?

Паэтычная падборка Міколы Мятліцкага «З ракі стагоддзяў памяць п’ю» нагадвае пра хуткаплыннасць часу:

Памятай: туды імкнецца час,

Дзе ў тумане год не будзе нас.

І таму ў прадбачанні імжы

Ты імгненнем кожным даражы.

Вашую гістарычную памяць, шаноўныя чытачы, ускалыхне таксама літаратурная легенда Івана Саверчанкі «Скарб крывічоў».

Даволі рэдка ў «Полымі», «Маладосці» і «Нёмане» з’яўляюцца драматургічныя творы. Кожная п’еса на іх старонках — падзея адметная. Таму сустракайце падзею — камедыю Георгія Марчука «Аднойчы на дачы». Таксама нячаста сучасныя паэты пішуць паэмы. Настойліва раім прыгледзецца і да «Баку» Таццяны Сівец.

У рубрыцы «Галасы свету» — пераклады з туркменскай. Керым Курбаняпесаў, Агагельды Аланазараў, Атамурад Атабаеў прынясуць у наш бясснежны снежань крыху туркменскага сонца сваёй паэзіяй.

23-17

Рэдакцыя часопіса «Маладосць» вырашыла не сядзець склаўшы рукі ў прыкрай бясснежнай сітуацыі і напісала ліст да Зюзі з просьбай пра снег. Пабачыць гэтую авантурную спробу вы можаце на пачатку нумара.

Упершыню ў «Маладосці» — Павел Горбач, у вершах якога ноткі восеньскай тугі і самаіроніі. У сваіх паэтычных разважаннях ён прыходзіць да высновы, што «кінуць паліць, мацюкацца і піць» — першы крок у шчаслівую будучыню.

Алег Нікулін прапануе невялічкую паэму «Калі няма для Дракулы ахвяры». Тут і жахі, і роздум аб веры і лёсе паэтаў… Паэтка Людка Сільнова распавядзе, як падключыць фантастычны роўмінг і паэтычна растлумачыць, чаму цыбуліны ў шклянцы падобныя да каланістаў Марса. Традыцыйная ж калядная падборка «Прыйдзе Бог сняжынкаю на носе» сагрэе і падорыць святочны настрой.

Проза 12 нумара спрэс казачная. Тут вам і гісторыі аб прынцэсах і быках (казка Алега Грушэцкага), і пра Зюзіча, «сына траскучага марозу, унука сівой зімы», і пра касмічных гоншчыкаў (аповесць Святланы Магілеўчык). Вось толькі кранальнае апавяданне Настассі Нарэйкі «Сукенка для прынцэсы» — невясёлая зямная рэальнасць, але і яно не пазбаўлена святочнай цудоўнасці і цеплыні.

Чарговая чароўная аповесць Кацярыны Мядзведзевай «Калі расцвітуць чорныя ружы» — «разыначка» нумара. Здольнасць маладой пісьменніцы ствараць свой непаўторны свет, насяляць яго сімпатычнымі героямі чарговы раз захапляе. На наш погляд, творы Мядзведзевай можна смела заносіць у спіс утульнага чытання пад пледам (які, дарэчы, таксама прапануе 12-я «Маладосць»).

Блізкі па настроі аповесці «Калі расцвітуць чорныя ружы» твор «Маленькая дама» нямецкай пісьменніцы Штэфані Ташынскі, які вы знойдзеце ў рубрыцы «Пераклады». Не адмоўце сабе ў задавальненні зірнуць на свет вачыма дзіцяці.

Асобна ў 12-й «Маладосці» вылучаецца «Кітайскі сшытак». Тут вас чакае вытанчаная паэзія Лі Хэ, якога «Маладосць» узяла на сябе смеласць параўнаць з нашым Максімам Багдановічам, а таксама аповесць маладога пісьменніка Гэ Ляна «Статуэткі майстра Іня» і перакладчыцкія спробы студэнтаў і магістрантаў кафедры кітайскай філалогіі філфака БДУ.

І гэта далёка не ўсё, што вы знойдзеце ў казачна-каляднай «Маладосці», апошняй у 2015 годзе…

23-16

«Бярозка» прапануе праводзіць стары год (першы год існавання адноўленага часопіса, дарэчы) віктарынай па матэрыялах папярэдніх нумароў. Тым, хто ўважліва чытаў «Бярозку» ўвесь год і правільна адкажа на ўсе пытанні, абяцаюць падарунак.

Падрыхтоўцы да Новага года елкі, кватэры, сябе і свайго настрою прысвечаны ўвесь нумар. Ганна Варонка распавядзе, як сустракае свята, Сяргей Грудніцкі праматывуе сваімі разважаннямі пра месца чалавека ў свеце, Яна Мусвідас растлумачыць, які падарунак ні ў якім разе нельга дарыць дзецям. Сваю калонку займеў нават… папяровы кубачак для кавы.

Пісьменніца Алена Беланожка падкажа, як ператварыць звычайны школьны ранішнік у сапраўднае свята: рэквізіт і падарункі сваімі рукамі, арыгінальныя святочныя конкурсы, навагодняя пошта і калядная варажба… І яшчэ шмат ідэй! Як стварыць падарункі і ўпрыгожанні сваімі рукамі, можна ўбачыць у майстар-класах. А самыя дзейсныя спосабы святочнай варажбы падкажа прывід Аркаша.

Герой рубрыкі «Бел. літ» — Максім Багдановіч. Вучні мінскай гімназіі №10 правялі экскурсію па кабінеце-музеі імя самага рамантычнага паэта. А дапоўніць стварэнне святочнага настрою раім апавяданнем Кацярыны Мядзведзевай «Мой тата — Дзед Мароз».

23-15

На юбілей, які «Нёман» пачаў адзначаць яшчэ ў мінулым нумары, завіталі госці з Калінінграда — часопіс «Балтика». Не абышлося без падарункаў. Ад апавядання Алега Глушкіна «Ціхая Вальпургіевая ноч» чакаеш нехарактэрнай для «Нёмана» магіі, фантастыкі, прыгод. Але фантастыкі не атрымліваецца. Атрымліваецца проза жыцця, часам не менш незвычайная і захапляльная, але чамусьці з адным, заўсёды прадказальным і адначасова нечаканым канцом. Не пакідае «Нёман» тэма вайны. Афганістан — у аповесці Леаніда Чыгрына «Мяцеж», Вялікая Айчынная — у апавяданні «Пах газы» Віталя Шаўцова, Чачня — у «Авітамінозе» Валерыя Горбаня. І толькі ў апавяданні Дзмітрыя Грыгор’ева «Сцяна» вайна — не галоўная гераіня, а неназойлівая дэкарацыя, а галоўнае — пераадоленне сябе, сваёй слабасці і перамога — перш за ўсё над сабой.

Яшчэ крыху аптымізму і прагі жыцця надасць чытачу «Нёмана» паэзія. Яна прадстаўлена інтымнай і філасофскай лірыкай Алеся Бадака, поўнымі жаночых эмоцый вершамі Лізаветы Палеес, одамі каханню Славаміра Адамовіча, жыццесцвярджальнымі радкамі Валянціны Салаўёвай і прыемнай тугой па мінулым Таццяны Цеценькінай.

Замежжа ў «Нёмане» прадстаўлена не толькі «Калінінградскім сшыткам». Героем рубрыкі «Сусветная літаратура» стаў Гурам Сванідзэ, рускамоўны грузін, пісьменнік. «Нёман» прапаноўвае пазнаёміцца з ім спачатку праз інтэрв’ю, а потым прачытаць і апавяданні. Яны, дарэчы, прывабліваюць вельмі нетыповымі назвамі: «Жаночая прывабнасць матэматыкі», «Нашчадак імператара», «Немец-перац-каўбаса», «Спадчына ідыёта» і г.д. Вось і здагадаецеся, пра што творы. А лепей прачытайце.

Яшчэ адна рэальная і ўжо гістарычная постаць — Андрэй Макаёнак. Сёлета споўнілася 95 гадоў з дня яго нараджэння. Сваімі ўспамінамі пра вядомага драматурга, колішняга рэдактара «Нёмана» на старонках часопіса ўспамінаюць акцёры Барыс Луцэнка, Генадзь Аўсяннікаў, рэжысёр Валерый Анісенка. Пра асаблівасці характару Андрэя Ягоравіча, яго працу з акцёрамі, пра птушку і мышку расказваюць яны.

Тамара Мінютка, Кацярына Захарэвіч

Пісьменнікі і час

$
0
0

Сёння ў Мінску працягваецца пашыранае пасяджэнне праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечанае 10-годдзю гэтага творчага аб’яднання. Мерапрыемства стала добрай нагодай пагаварыць аб надзённых праблемах сучаснай літаратуры і аб ролі пісьменнікаў у грамадстве.

23-56

А яна, гэта роля, павінна стаць больш прыкметнай. Такую думку выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі, які прысутнічаў на мерапрыемстве і зачытаў віншаванне Прэзідэнта з нагоды 10-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі.

«Пісьменнікі — гэта не проста людзі, якія пішуць. Гэта людзі думаючыя, запатрабаваныя. Таму трэба надаць асаблівую ўвагу, каб была выбудавана канструктыўная работа, узаемадзеянне пісьменнікаў і грамадства», — сказаў Ігар Бузоўскі.

«Ад пісьменнікаў у многім залежыць духоўна-маральны, культурны складнік. Іх дзейнасць мае каласальнае значэнне, а роля будзе толькі павялічвацца, — лічыць ён. — Асабліва з улікам таго, што наступны год, калі прапанову падтрымаюць, стане Годам культуры ў Беларусі».

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец абазначыў тэму росту і развіцця маладых літаратараў. Ён расказаў, што СПБ заснаваў стыпендыю для маладых аўтараў, невялікімі тыражамі выдаюцца творы маладых талентаў. «Калі пачынаючы літаратар трымае ў руках першую кнігу са сваімі вершамі, якое пачуццё гонару і ўдзячнасці ён адчувае. Гэта трэба падтрымліваць, — перакананы Мікалай Чаргінец. — Навучыць пісаць нельга, але падтрымліваць, прапагандаваць, рухаць наперад маладых неабходна».

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч паведаміла, што плануецца арганізаваць маштабны конкурс для маладых літаратараў. «Міністэрства інфармацыі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі ініцыявалі Нацыянальную літаратурную прэмію. Лічу вельмі важным арганізаваць у краіне паўнацэнны маштабны конкурс для маладых літаратараў. Мы можам аб’яднаць намаганні, не толькі выяўляць таленавітых, але і дапамагаць устаць ім на крыло», — сказала міністр.

23-57

Адным з мерапрыемстваў на 23-й Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая адбудзецца 10-14 лютага, стане работа сімпозіума маладых літаратараў.

Паводле слоў Ліліі Ананіч, у гэтым годзе больш як Br20 млрд дзяржава змагла накіраваць на падтрымку выдання кніг таленавітых аўтараў. Акрамя перавыдання класікаў беларускай літаратуры, штогод 10-12 кніг сучасных пісьменнікаў выдаюцца і пастаўляюцца ў публічныя бібліятэкі.

Адной з галоўных сумесных задач Лілія Ананіч лічыць выхаванне ў грамадстве не толькі павагі да кнігі, але развіццё патрэбы ў яе чытанні. І важна выпрацоўваць новыя падыходы ў рэалізацыі гэтай задачы, улічваць, што сёння кніга мае не толькі папяровую форму, але і электронную.

Кіраўнік Мінінфарма таксама падкрэсліла, што беларуская кніга годна прадстаўлена і на міжнародных выставах, і на іншых міжнародных пляцоўках. У прыватнасці, яна адзначыла актыўную работу беларускіх пісьменнікаў на Дні культуры Беларусі ў Туркменістане.

Фота Кастуся Дробава

“Бярозка” абвяшчае фотаконкурс!

$
0
0

“Бярозка” абвяшчае фотаконкурс!

Па ініцыятыве сярэдняй школы № 12 горада Гродна рэдакцыя часопіса “Бярозка” пачынае фотаконкурс “Новы год з “Бярозкай”! Фотаздымкі прымаюцца на электронны адрас bjarozka@zviazda.by да Вадохрышча і публікуюцца на сайце выдання. Аўтары самых крэатыўных работ атрымаюць ад “Бярозкі” падарункі!

Тут прапануюцца фотаздымкі вучняў школы-ініцыятара.

  • Ульяна Кондрусь, 11 «А».

«Бярозка» з Дзедам Марозам”. У галоўных ролях — вучні 4 «Б» і 11 «А» класаў.

1

 

  • Алег Бучынскі, 9 «А».

«Нашыя другаклашкі чытаюць «Бярозку» нават на ранішніку!»

2

 

  • Алег Бучынскі, 9 «А».

«Нават феі любяць «Бярозку»

3

 

  • Паліна Каратчэня, 6 «Б».

“Любімы часопіс — найлепшы падарунак!” Пры ўдзеле заўзятых чытачоў 4 «А» класа.

4

 

  • Марк Кулік і аднакласнікі, 6 «Б».

“Наперад, насустрач прыгодам!

5

 

  • Марк Кулік і аднакласнікі, 6 «Б».

“З “Бярозкай» свята весялей».

6

Часопіс “Маладосць” сабраў думкі навукоўцаў аб канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы”

$
0
0

Снежаньскі нумар “Маладосці” звяртае ўвагу на Брэст як культурную сталіцу адыходзячага года і прапануе ўспомніць адну з самых яркіх падзей у гэтым рэчышчы — канферэнцыю “Берасцейскія кнігазборы”. Рэдакцыя звярнулася да некаторых яе удзельнікаў, прадстаўнікоў розных краін, з просьбай падзяліцца ўражаннямі.

 Вацлаў Валецкі, прафесар, доктар габілітаваны, загадчык кафедры старапольскай літаратуры і Цэнтра даследаванняў Польскай бібліяграфіі Эстрэйхераў (Ягелонскі Універсітэт):

Валецкі

— Я думаю, што дзякуючы актыўнай дзейнасці супрацоўнікаў Брэсцкай абласной бібліятэкі на лініі Брэст-Кракаў-Брэст адбылося штосьці вельмі добрае. Тры навуковыя канферэнцыі і адзін “круглы стол”  прывялі да двухбаковай навуковай зацікаўленасці інтэлектуальнай культурай даўняга Бярэсця. Часткова яны прысвечаны аднаму з найважнейшых друкаваных сімвалаў культуры Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, які менавіта тут і з’явіўся. Арганізаванае два гады таму святкаванне 450-й гадавіны Брэсцкай Бібліі (не было 450 свечак, але торт у выглядзе навуковай канферэнцыі аказаўся надзвычай прыгожы і смачны) прывяло да з’яўлення першапачатковых даследчыцкіх планаў, звязаных з цэлым комплексам навуковых пытанняў, вельмі важных і неабходных для вырашэння з пункту погляду старапольскай культуры і ўдзелу ў ёй брэсцкага асяродка. Перадусім удалося скласці (зараз ужо амаль гатова да друку) бібліяграфію гэтага помніка. А з акрэсленага мной у дыскусіі плану далейшых даследаванняў пачалі з’яўляцца канкрэтныя навуковыя вынікі. Дзякуючы даследаванням Станіслава Сіес-Кшышкоўскага быў абвергнуты міф  пра захаванне толькі невялікай колькасці экземпляраў кнігі, пра быццам бы масавае спаленне кніг пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага. Вучоны вызначыў, што сёння ў шматлікіх бібліятэках і іншых зборах па ўсім свеце захоўваецца каля 150 экземпляраў розных друкаваных варыянтаў Радзівілаўскай бібліі (што ў кантэксце іншых друкаваных помнікаў XVI стагоддзя – прыцягальная лічба), што мэтавы наклад 1563 года трэба было ацаніць у прыкладна 1000 экземпляраў. Гэтыя сцверджанні робяць магчымымі наступныя даследаванні: стварэнне рэестру усіх захаваных экземпляраў, іх апісанне з асаблівым акцэнтам на запісы, якія сведчаць пра паходжанне, і ўвогуле на ўсе запісы ад рукі. Бо яны адчыняюць дзверы ў далейшыя даследаванні рэцэпцыі кнігі, яе значэння для культуры свайго часу. Незалежна ад гэтага з’яўляецца пільная патрэба інтэрпрэтацыі матэрыялу так званага прадмоўна-пасляслоўнага комплексу Брэсцкай Бібліі, асабліва прысвячэння Жыгімонту Аўгусту. З гэтым у сваю чаргу звязана ўся папулярызацыйная палітыка, якая праводзілася ў адносінах да гэтай публікацыі Панам з Нясвіжа. У маім паведамленні, якое абапіраецца ў асноўным на лацінскую перапіску Мікалая, я выказаў, што яна з’яўляецца класічным прыкладам таго, што мы сёння называем піяр-палітыкай, згодна з яе класічнай дэфініцыяй: “Мэтай дзейнасці public relations з’яўляецца дбанне пра добры імідж і добразычлівае стаўленне да дзеянняў дадзенай асобы ці фірмы”. Далей – аналіз самога перакладу Святога Пісання несумненна прывядзе да лепшага разумення і асвятлення многіх аспектаў шматлікіх рэлігійных палемік эпохі Рэфармацыі. Але вернемся да самога Берасця. Выступленні на апошняй канферэнцыі пацвердзілі, колькі іншых пытанняў патрабуюць далейшых навуковых даследаванняў. Напрыклад, аналіз дзейнасці брэсцкага асяродка перад выданнем Брэсцкай Бібліі. Бо менавіта так званая “атака мазгоў”, якая адбывалася ў ім у той час, была прычынай выдання кнігі. Яна ж не вырасла як самотная пальма ў інтэлектуальнай пустыні. Таксама перыяд пасля выдання кнігі: як выкарыстоўвалі пераклад у наступных публікацыях, якое было яго літаратурнае патомства…

Хацелася б яшчэ шмат напісаць у духу “Вось што я думаю…”, але сімпатычнае запрашэнне рэдакцыі часопіса “Маладосць”, на жаль, абмяжоўвае памер выказвання… Можа, калі-небудзь іншым разам… У любым выпадку запрашэнне на чарговыя канферэнцыі ў абласную бібліятэку ў Брэсце заўсёды адкрытае для неспакойных розумаў.

PS. Брэстчане! На прамілы Бог! Пастарайцеся зрабіць матэрыяльнае пацверджанне месца існавання брэсцкай друкарні! (Ведаю, што праведзеныя спутнікавыя даследаванні пацвярджаюць вельмі верагодныя пазітыўныя ахеалагічныя вынікі). Памятная табліца была б цудоўнай візітоўкай для ўсіх нас, зацікаўленых старажытным Брэстам.

Юстына Сівец, магістр, дактарантка (Ягелонскі ўніверсітэт):

Юстына С__вец-1

— Міжнародная канферэнцыя “Брэсцкія кнігазборы” ахоплівае навуковыя пытанні, якія даследуюцца ў шматлікіх міжнародных навуковых асяродках. Падзеі, звязаныя з брэсцкім друкам, напрыклад, публікацыя Радзівілаўскай Бібліі, мелі ўплыў не толькі на мясцовыя супольнасці, але таксама на ход падзей універсальнага характару, як, скажам, гісторыя рэфармацыі. У выпадку такога важнага і шырокага даследчыцкага поля міжнародная канферэнцыя становіцца дасканалай падставай для неабходнага абмену інфармацыяй і даследчыцкіх перспектыў паміж рознымі асяродкамі. Сёлетняя канферэнцыя была багатая на цікавыя па змесце даклады. Не было недахопу і ў навуковых дыскусіях, часам гарачых – у рэшце рэшт, у навуковым свеце мы не абавязкова павінны паміж сабой згаджацца – але ў выніку заўсёды прыязных і схіляючых да рэфлексіі. Акрамя інтэнсіўнай і цікавай навуковай часткі арганізатары прапанавалі ўдзельнікам цудоўную “забаўляльную частку” — эксурсію ў Пінск. Дзякуючы ёй мы мелі магчымасць прыгледзецца да культуры і краявідаў Беларусі – зямлі, дзе выраслі помнікі, якія мы даследуем. Гэта было бясцэнна перадусім для ўдзельнікаў, якія, як я, першы раз наведалі гэты прыгожы край. Удалая канферэнцыя, уражанні ад падарожжа, а перадусім сардэчнасць і гасціннасць гаспадароў прымушаюць мяне нецярпліва чакаць чарговага яе правядзення. 

Дзмітрый Бакун, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела Навуковага і выдавецкага цэнтра “Навука” Расійскай акадэміі навук:

Д. Бакун 2

— “Берасцейскія кнігазборы” – вельмі патрэбная канферэнцыя. Не толькі для Брэста і Беларусі, але і для бліжэйшых суседзяў. Па-першае, “Берасцейскія кнігазборы” ствараюць Брэсту дадатковую прыцягальнасць. Па-другое, канферэнцыя спрыяе больш глыбокаму вывучэнню кніжнай культуры не толькі Брэста, але і ўсяго рэгіёна памежжа Усхода і Захада. Па-трэцяе, гэта міжнародная навуковая канферэнцыя дзякуючы неверагодна зычлівай атмасферы спрыяе лепшаму ўзаемаразуменню прадстаўнікоў розных краін і народаў. Думаю, што “Берасцейскія кнігазборы” будуць развівацца і далей. У іх вялікі патэнцыял – як навуковы, так і асабовы. Будзе вельмі добра, калі “Берасцейскія кнігазборы” ператворацца ў добрую традыцыю цудоўнага горада над Бугам. Я вельмі ўдзячны ўсім удзельнікам канферэнцыі. Асабліва кіраўніцтву і супрацоўнікам Брэсцкай абласной навуковай бібліятэкі ім. М. Горкага. Спадзяюся, што іх самаадданая праца і намаганні будуць ацэнены адпаведным чынам. 

Юрый Уласюк, студэнт гістарычнага факультэта БДУ:

Ю. Уласюк

— Для мяне дадзеная канферэнцыя — гэта не толькі магчымасць прадставіць вынік сумеснай з А.А. Гладышчуком (маім навуковым кіраўніком на канферэнцыі) працы, але і выдатная магчымасць пазнаёміцца ​​з прадстаўнікамі навуковага кола і маладымі спецыялістамі (у тым ліку з Польшчы). Не магу не адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі канферэнцыі. Гэта датычыцца як арганізацыі выступленняў дакладчыкаў, так і правядзення вольнага часу. Таксама можна адзначыць, што з нядаўніх часоў у сацыяльных сетках Facebook і «ВКонтакте» заведзены старонкі, прысвечаныя гэтай канферэнцыі. Яны дапамогуць усім зацікаўленым даведацца пра яе больш, а патэнцыйных удзельнікаў (у тым ліку і моладзь) заклікаць да прыняцця ўдзелу ў ёй у наступныя гады.

Viewing all 81 articles
Browse latest View live